§ 6. Ліпіды

Функцыі ліпідаў. У жывой прыродзе ліпіды выконваюць разнастайныя функцыі. Інфармацыя пра найважнейшыя з іх прыведзена ў табліцы  6.1.

Табліца 6.1. Асноўныя функцыі ліпідаў у жывых арганізмах

Функцыя

Тлумачэнне і прыклады

Энергетычная

Пры поўным акісленні 1 г тлушчаў вызваляецца каля 39 кдж энергіі. Гэта значна больш у параўнанні з акісленнем такой жа колькасці вугляводаў. Канчатковыя прадукты расшчаплення тлушчаў — вуглякіслы газ і вада

Крыніцы метабалічнай вады

Акісленне 1 г тлушчу суправаджаецца вылучэннем 1,05—1,1 г вады. Гэта вада не паступае ў арганізм звонку, а ўтвараецца ў ходзе абмену рэчываў (метабалізму), таму яе называюць метабалічнай. Тлушчавыя запасы дазваляюць некаторым жывёлам параўнальна доўгі час абыходзіцца без вады. Напрыклад, вярблюды вытрымліваюць без яе 10—12 сут, а мя­дзведзі, суркі і іншыя жывёлы ў час зімовай спячкі — больш за 2 месяцы

Запасальная

Тлушчы назапашваюцца ў розных тканках і органах і, такім чынам, з’яўляюцца рэзервовай крыніцай энергіі для арганізма. Назапашваць тлушчы больш выгадна, чым вугляводы, паколькі іх энергетычная каштоўнасць вышэйшая

Структурная

Двайны слой фосфаліпідаў з’яўляецца асновай будовы ўсіх біялагічных мембран (цытаплазматычнай мембраны клетак, мембран арганоідаў). У састаў мембран уваходзяць і іншыя ліпіды — халестэрын, ліпапратэіны, глікаліпіды і г. д. Міэлін, які фарміруе абалонку многіх нервовых валокнаў, забяспечвае хуткае правядзенне нервовых імпульсаў. *Воск з'яўляецца матэрыялам для пабудовы пчаліных сотаў*

Ахоўная

Тлушчы назапашваюцца пад скурай, паміж органамі і засцерагаюць іх ад механічных пашкоджанняў. Напрыклад, тлушчавая тканка, якая высцілае вачніцы, ахоўвае вочныя яблыкі ад страсенняў і дэфармацыі. Дзякуючы нізкай цеплапра­воднасці тлушч з’яўляецца добрым цеплаізалятарам, які засцерагае арганізм ад перападаў тэмпературы. Па гэтай прычыне ў жывёл, што жывуць у халодных рэгіёнах, добра развіта падскурная тлушчавая клятчатка. Ліпіды валодаюць воданепрымальнымі ўласцівасцямі. Уваходзячы ў састаў кутыкулы раслін, пакроваў цела і сакрэтаў скурных залоз жывёл, яны забяспечваюць ахову ад страты вады і, наадварот, ад яе залішняга паступлення ў арганізм

Рэгулятарная

Стэроідныя гармоны рэгулююць абмен рэчываў, размнажэнне і развіццё арганізмаў. Вітамін D уплывае на абмен кальцыю і фосфару. Жоўцевыя кіслоты забяспечваюць эмульгаванне тлушчаў ежы і ўсмоктванне прадуктаў іх расшчаплення

*Растваральнікі гідрафобных злучэнняў

Тлушчы важныя ў якасці растваральнікаў непалярных арганічных рэчываў, напрыклад тлушчарастваральных вітамінаў (A, D, E, K). Яны забяспечваюць паступление гідрафобных злучэнняў у арганізм, іх перамяшчэнне, хімічныя ператварэнні і запасанне (дэпаніраванне)*