§ 3. Арганічныя рэчывы. Амінакіслоты. Алігапептыды

Біурэтавая рэакцыя — якасная рэакцыя на пептыдныя сувязі

Заданне рэкамендуецца выконваць у школе.

З дапамогай біурэтавай рэакцыі вызначым, у якіх харчовых прадуктах змяшчаюцца бялкі.

Для правядзення рэакцыі спатрэбіцца раствор якой-небудзь шчолачы (напрыклад, NaOH) і раствор меднага купарвасу — сульфату медзі (II). Замест чыстай шчолачы можна выкарыстаць сродак для выдалення тлушчавых забруджванняў ці прачысткі каналізацыйных труб (шчолачы — асноўны кампанент такіх сродкаў, але папярэдне прачытайце састаў) або кальцыніраваную соду. Замест меднага купарвасу можна выкарыстаць бардоскую сумесь. Гэта распаўсюджаны сродак аховы раслін ад хвароб, ва ўпакоўцы змяшчаюцца два пакеты: з медным купарвасам і гашанай вапнай — Са(OH)2. На аснове бардоскай сумесі можна атрымаць абодва растворы для правядзення біурэтавай рэакцыі.

  1. Прыгатуйце невялікую колькасць раствораў шчолачы і меднага купарвасу. Будзьце асцярожныя пры рабоце з рэактывамі, выконвайце правілы тэхнікі бяспекі!
  2. Падрыхтуйце ўзоры харчовых прадуктаў — раствор яечнага бялку ці жэлаціну, малако, кефір, мясны ці рыбны булён (пажадана працэджаны), адвар якой-небудзь агародніны або грыбоў, светлы сок (бярозавы, яблычны, лімонны), мінеральную ваду і г. д.
  3. Да невялікай колькасці прадукту, што даследуецца, дабаўце крыху раствору шчолачы, а потым 1—2 мл раствору меднага купарвасу. Калі ў даследчым прадукце, які даследуецца, ёсць бялок, афарбоўка раствору стане фіялетавай.

● Успомніце, якія харчовыя прадукты з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі бялкоў для чалавека.

● У якіх даследаваных вамі прадуктах былі выяўлены бялкі?