§ 3. Арганічныя рэчывы. Амінакіслоты. Алігапептыды

*Алігапептыды ўтвораны параўнальна невялікай колькасцю амінакіслотных астаткаў — да 10. Некаторыя прыродныя алігапептыды змяшчаюць астаткі незвычайных амінакіслот, што рэдка сустракаюцца ў жывой прыродзе і не ўваходзяць у састаў бялкоў. Біялагічныя функцыі алігапептыдаў разнастайныя.

Так, алігапептыдамі з'яўляюцца вядомыя вам гармоны аксітацын і вазапрэсін (успомніце іх ролю ў арганізме чалавека). Гармон ангіятэнзін II таксама ўяўляе сабой алігапептыд. Ён валодае сасудазвужальным дзеяннем, а таксама стымулюе сакрэцыю іншых гармонаў, напрыклад альдастэрону, некаторых гармонаў пярэдняй долі гіпофіза.*

*Супрацьлеглае дзеянне на тонус крывяносных сасудаў аказваюць алігапептыды брадыкінін і калідзін — яны спрыяюць расшырэнню сасудаў, зніжаючы тым самым крывяны ціск. Некаторыя алігапептыды з'яўляюцца імунарэгулятарамі. Напрыклад, тафтсін узмацняе фагацытоз, валодае бактэрыцыдным і супрацьпухлінным дзеяннем.*

*На сённяшні дзень вядома дастаткова многа пептыдаў, якія аказваюць уплыў на нервовую сістэму і паводзіны жывёл і чалавека. Яны адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні эмоцый, матывацый, прыхільнасці, харчовых паводзін, рэгулююць сон і няспанне, рэакцыі арганізма на стрэс і боль, удзельнічаюць у фарміраванні памяці і г. д.*

*Напрыклад, эндарфіны і энкефаліны, многія з якіх маюць алігапептыдную прыроду, валодаюць магутным абязбольвальным дзеяннем, паляпшаюць самаадчуванне і настрой чалавека. Вядома, што павышэнню ўзроўню гэтых нейрапептыдаў спрыяюць новыя пазітыўныя ўражанні, заняцце спортам, праслухоўванне прыемнай музыкі і да т. п. Выпрацоўка эндарфінаў і энкефалінаў рэзка павялічваецца ў адказ на стрэс і боль як ахоўная рэакцыя (напрыклад, пры цяжкай фізічнай працы, у час спартыўных спаборніцтваў, баявых дзеянняў і інш.). Іх дзеянне спрыяе мабілізацыі рэсурсаў арганізма, яго адаптацыі да розных нагрузак і выхаду са стану стрэсу. Падобным дзеяннем валодае і так званы пептыд δ-сна,  які таксама ўдзельнічае ў рэгуляцыі сутачных рытмаў. Пептыд эндазепін-6, наадварот, выклікае пачуццё трывогі, стымулюе агрэсіўныя паводзіны чалавека і жывёл. Алігапептыд холецыстакінін, спрыяючы вывядзенню жоўці і соку падстраўнікавай залозы ў дванаццаціперсную кішку, удзельнічае ў рэгуляцыі стрававання. Акрамя таго, ён уплывае на харчовыя паводзіны чалавека, выклікаючы пачуццё сытасці і зніжаючы апетыт.*

*Алігапептыдамі па хімічнай прыродзе з'яўляюцца і некаторыя антыбіётыкі (граміцыдзін і інш.). Таксама сярод алігапептыдаў вядомы рэчывы, якія валодаюць  высокай таксічнасцю для чалавека і жывёл. Гэта, напрыклад, аманіцін і фалаідзін, што змяшчаюцца ў бледнай паганцы і некаторых іншых грыбах. Гэтыя таксіны нясуць вялікую пагрозу для здароўя і жыцця, выклікаючы гібель клетак печані, нырак і іншых органаў.*