§ 1. Утрыманне хімічных элементаў у арганізме. Макра- і мікраэлементы

«Гумавыя» косці

Ці можна завязаць косць вузлом?

Вазьміце некалькі касцей (лепш за ўсё падыдуць курыныя костачкі — яны больш тонкія), прамыйце вадой, а потым дайце высахнуць. Пакладзіце іх у слоік, заліце воцатам так, каб ён цалкам пакрываў косці, і закрыйце накрыўкай. Праз тыдзень зліце воцат, прамыйце косці і ацаніце змяненні, што адбыліся з імі.

● Як змяніліся ўласцівасці касцей? З чым гэта звязана?

● Ужыванне  якіх прадуктаў харчавання спрыяе падтрыманню цвёрдасці і трываласці касцей?


Дапамога раслінам

Недахоп або лішак тых ці іншых макра- і мікраэлементаў часта вядзе да парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. У раслін дэфіцыт або лішак пэўных хімічных элементаў можа выяўляцца характэрнымі знешнімі прыметамі. Напрыклад, пры дэфіцыце жалеза маладыя лісты робяцца бледна-зялёнымі, пры гэтым жылкі захоўваюць насычаную зялёную афарбоўку. Пры недахопе магнію каля краёў ліста і паміж жылкамі зялёная афарбоўка змяняецца на жоўтую, чырвоную ці фіялетавую, далей адбываецца адміранне тканак ліста. Лішак медзі прыводзіць да з’яўлення на ніжніх лістах жоўтых, а затым бурых плям і да ападання гэтых лістоў. Пры лішку хлору сцёблы і лісты цвярдзеюць, на старых лістах з’яўляюцца пурпурна-бурыя плямы. Такім чынам, нярэдка расліны ўсім сваім выглядам «просяць» падкормкі адпаведнымі ўгнаеннямі ці паказваюць на неабходнасць перасадкі ў іншую глебу.

Выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру і (ці) інтэрнэт-крыніцы, складзіце апісанне тыповых праяў у раслін недахопу і лішку пэўных элементаў. Ацаніце стан вашых хатніх раслін (раслін школьных кабінетаў і калідораў, клумб на тэрыторыі школы ці каля вашага дома і г. д.). Магчыма, вы выявіце некаторыя з гэтых прымет. Аднак памятайце, што змяненне выгляду раслін можа быць абумоўлена і іншымі прычынамі (неспрыяльнымі ўмовамі, хваробамі, шкоднікамі і г. д.). Парайцеся з бацькамі і настаўнікамі, паспрабуйце дапамагчы дадзеным раслінам, назірайце за іх ростам і развіццём, фатаграфуйце. Сабраныя матэрыялы можна выкарыстаць для выступлення на ўроку ці пазакласным мерапрыемстве.

● Як недахоп жалеза ці магнію можа быць звязаны з парушэннем нармальнай афарбоўкі лістоў?

Пры выяўленні прымет дэфіцыту жалеза некаторыя кветкаводы змяшчаюць у вазон з раслінай цвік. Гэты спосаб можа аказацца эфектыўным, калі расліны растуць на кіслым ці слабакіслым грунце. Чаму ён не падыходзіць для шчолачнага ці слабашчолачнага грунту

● Лічыцца, што ржавы цвік «дапамагае» расліне хутчэй, чым незаржавелы. З чым гэта звязана?