§ 1. Утрыманне хімічных элементаў у арганізме. Макра- і мікраэлементы

Жывыя арганізмы маюць асаблівы хімічны састаў, які адрознівае іх ад аб’ектаў нежывой прыроды. Гэта праяўляецца, перш за ўсё, у адрозненнях будовы і колькасных суадносін хімічных рэчываў. Аднак рэчывы, што ўваходзяць у састаў жывых арганізмаў, утвораны атамамі тых жа хімічных элементаў, з якіх складаюцца аб’екты нежывой прыроды. У жывых арганізмах масавая доля адных элементаў дасягае 10 % і больш, другіх змяшчаецца менш, а некаторыя прысутнічаюць у выключна малых колькасцях.

Макраэлементы. Хімічныя элементы, утрыманне якіх у жывых арганізмах складае больш за 0,01 %, называюцца макраэлементаміУ жывой прыродзе найбольш распаўсюджаны чатыры макраэлементы: кісларод (О), вуглярод (С), вадарод (Н) і азот (N). Іх сумарная масавая доля перавышае 98 %. Гэтыя элементы з’яўляюцца асновай будовы арганічных злучэнняў. Акрамя гэтага, вадарод і кісларод уваходзяць у састаў вады.

Малекулы шмат якіх арганічных рэчываў таксама змяшчаюць атамы серы (S) і фосфару (Р). Акрамя таго, да макраэлементаў належаць натрый (Na), калій (K), магній (Mg), кальцый (Ca) і хлор (Cl).

*У чалавека ключавую ролю ў ажыццяўленні такіх працэсаў жыццядзейнасці, як згусанне крыві, скарачэнне мышцаў, правядзенне нервовых імпульсаў і многіх іншых, адыгрывае кальцый. Разама з фосфарам гэты макраэлемент забяспечвае нармальнае развіццё і функцыянаванне касцей і зубоў. У арганізме дарослага чалавека змяшчаецца прыблізна 1,7 кг кальцыю, прычым каля 99 % — у касцявой тканцы.

Утрыманне кальцыю ў арганізме рэгулюецца шэрагам гармонаў, прычым асноўную ролю адыгрываюць гармоны парашчытападобных і шчытападобнай залоз. Патрэбнасць у кальцыі залежыць ад узросту чалавека. Так, для дарослых людзей і дзяцей ва ўзросце ад 4 да 8 гадоў яна складае 800—1000 мг у суткі, а для падлеткаў — 1300 мг (падумайце чаму?). Даволі шмат кальцыю змяшчаецца ў малочных прадуктах, зерневых, бабовых, арэхах, капусце. Засваенню гэтага важнага элемента спрыяюць вітамін D (успомніце яго асноўныя крыніцы), малочны цукар — лактоза, а таксама ненасычаныя тлустыя кіслоты, на якія багатыя алеі, рыба, авакада і інш. 

Больш падрабязная інфармацыя пра змест макраэлементаў у жывых арганізмах і іх біялагічную ролю прыведзена ў табліцы 1.1.

Табліца 1.1. Макраэлементы

Элемент

Утрыманне, %1

Біялагічная роля

Кісларод (О)

65—75

Уваходзіць у састаў большасці арганічных і многіх неарганічных рэчываў. Забяспечвае клетачнае дыханне і іншыя акісляльныя працэсы, падчас якіх вылучаецца патрэбная арганізму энергія

Вуглярод (С)

15—18

З’яўляецца асновай будовы ўсіх арганічных рэчываў

Вадарод (Н)

8—10

Уваходзіць у састаў вады і ўсіх арганічных рэчываў

Азот (N)

1,5—3

Уваходзіць у састаў многіх арганічных рэчываў, у тым ліку бялкоў, нуклеінавых кіслот, АТФ

Кальцый (Ca)

0,04—2

З’яўляецца найважнейшым кампанентам касцявой тканкі і эмалі зубоў, забяспечвае скарачэнне мыш­цаў, удзельнічае ў згусанні крыві. У раслін увахо­дзіць у склад клетачнай сценкі

Фосфар (Р)

0,2—1

Уваходзіць у састаў некаторых арганічных рэчываў (ДНК, РНК, АТФ, фосфаліпідаў і інш.), касцявой тканкі і эмалі зубоў

Калій (К)

0,15—0,4

Удзельнічае ў генерацыі нервовых імпульсаў, рэгулюе рытм сардэчнай дзейнасці. Таксама ўдзельнічае ў працэсе фотасінтэзу

Сера (S)

0,15—0,2

Уваходзіць у састаў некаторых арганічных рэчываў, напрыклад бялкоў, *вітаміну В1*. Удзельнічае ў фарміраванні прасторавай структуры бялковых малекул

Хлор (Cl)

0,05—0,1

Адыгрывае важную ролю ў водна-салявым абмене жывых арганізмаў. Уваходзіць у састаў страўнікавага соку жывёл

Натрый (Na)

0,02—0,03

Удзельнічае ў генерацыі нервовых імпульсаў, падтрымлівае нармальны рытм сардэчнай дзейнасці, уплывае на сінтэз гармонаў. Адыгрывае важную ролю ў водна-салявым абмене жывых арганізмаў

Магній (Mg)

0,02—0,03

Уваходзіць у састаў хларафілу, многіх ферментаў, а таксама ў склад касцявой тканкі і эмалі зубоў

1 Утрыманне хімічных элементаў прыведзена не для запамінання