§ 18. Меёз

Меёз — асаблівы спосаб дзялення клетак эўкарыёт, у выніку якога з адной мацярынскай клеткі ўтвараюцца чатыры даччыныя з паменшаным у 2 разы наборам храмасом. Памяншэнне (рэдукцыя) храмасомнага набору адбываецца ў ходзе першага дзялення меёзу — рэдукцыйнага. У працэсе другога дзялення меёзу — эквацыйнага — набор храмасом ва ўтвораных клетках не змяняецца.  Меёз перашкаджае падваенню ліку храмасом пры палавым размнажэнні. Кросінговер, які працякае у прафазе I, незалежнае разыходжанне гамалагічных храмасом у анафазе I і сястрынскіх храматыд у анафазе II служаць важнымі крыніцамі камбінатыўнай зменлівасці арганізмаў. Меёз і апладненне забяспечваюць змену ядзерных фаз у жыццёвым цыкле арганізмаў, якім уласціва палавое размнажэнне. У залежнасці ад месца гэтых працэсаў у цыкле развіцця адрозніваюць цыклы з зігатычнай, гаметычнай і спарычнай рэдукцыяй храмасомнага набору.