§ 18. Меёз
Месца меёзу і апладнення ў жыццёвым цыкле арганізмаў. Большасці відаў эўкарыятычных арганізмаў уласціва палавое размнажэнне. Пры гэтым у жыццёвым цыкле адбываецца чаргаванне гаплоідных (1n) і дыплоідных (2n) стадый развіцця — змена ядзерных фаз. *Узровень развіцця і працягласць існавання кожнай фазы ў розных груп арганізмаў адрозніваецца. Напрыклад, у некаторых водарасцей практычна ўвесь цыкл развіцця працякае ў гаплоідным стане, дыплоіднай з'яўляецца толькі стадыя зіготы. У жывёл, наадварот, гаплоідная фаза жыццёвага цыкла пададзена толькі гаметамі, а ўсе іншыя стадыі развіцця дыплоідныя.*
Ключавую ролю ў змене ядзерных фаз адыгрываюць такія працэсы, як меёз і апладненне. Дзякуючы меёзу ажыццяўляецца *рэдукцыя храмасомнага набору, г. зн.* пераход з дыплоіднай фазы ў гаплоідную. Аднаўленне дыплоіднага набору храмасом адбываецца ў выніку апладнення. *У залежнасці ад месца меёзу і апладнення ў жыццёвых цыклах арганізмаў вылучаюць тры асноўныя тыпы такіх цыклаў. Яны істотна адрозніваюцца працягласцю гаплоіднай і дыплоіднай фаз.*
Напрыклад, у некаторых водарасцей (хламідаманада і інш.) і многіх грыбоў усе стадыі жыццёвага цыклу гаплоідныя, за выключэннем зіготы (мал. 18.1, а). Першае дзяленне дыплоіднай зіготы, якая ўзнікла ў выніку апладнення, ажыццяўляецца шляхам меёзу. З утвораных гаплоідных клетак — спор — развіваюцца арганізмы, якія маюць набор храмасом 1n. Утварэнне гамет у такіх арганізмаў адбываецца за кошт мітозу. Далей гаметы парамі зліваюцца, у зігоце аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, і цыкл замыкаецца. *У такім цыкле развіцця меёз адбываецца фактычна адразу пасля ўтварэння зіготы, таму ён называецца цыклам з зігатычнай рэдукцыяй набору храмасом.*
Для жывёл, наадварот, характэрны жыццёвы цыкл, у якім усе стадыі развіцця дыплоідныя, і толькі палавыя клеткі змяшчаюць гаплоідны набор храмасом (мал. 18.1, б). Меёз у жывёл непасрэдна папярэднічае ўтварэнню гамет *(гаметычная рэдукцыя храмасомнага набору)*. Гаметы неўзабаве зліваюцца, і з зіготы развіваецца асобіна з дыплоідным наборам храмасом.
У раслін *і многіх водарасцей (ульва, ламінарыя і інш.)* у цыкле развіцця заканамерна змяняюць адно аднаго два пакаленні арганізмаў: гаплоіднае — гаметафіт і дыплоіднае — спарафіт (мал. 18.1, в). Гаметафіт — гэта палавое пакаленне, якое ўтварае гаметы шляхам мітозу. Пасля апладнення з зіготы, што змяшчае двайны набор храмасом, развіваецца дыплоідны спарафіт — бясполае пакаленне. Спарафіт шляхам меёзу фарміруе споры *(спарычная рэдукцыя)* з наборам 1n. З гэтых спор далей развіваюцца гаплоідныя гаметафіты.
Дыплоідны набор храмасом у параўнанні з гаплоідным забяспечвае больш надзейнае захаванне спадчыннай інфармацыі. З курса біялогіі 10-га класа вы ведаеце, што арганізмы, якія змяшчаюць двайны набор храмасом, здольныя лепш адаптавацца да зменлівых умоў асяроддзя, чым гаплоідныя. Таму ў працэсе эвалюцыі, пры пераходзе ад прымітыўных форм жыцця да больш дасканалых, ступень развіцця гаплоіднай фазы і яе працягласць у жыццёвым цыкле арганізмаў памяншалася, а дыплоіднай, наадварот, узрастала.