§ 15-1. Асаблівасці будовы клетак эўкарыёт

Да эўкарыёт належаць прадстаўнікі чатырох царстваў: Расліны, Жывёлы, Грыбы і Пратысты. Іх клеткі пабудаваны падобным чынам: у іх ёсць ядро і цытаплазма з рознымі мембраннымі і немембраннымі арганоідамі. Аднак паміж клеткамі арганізмаў розных царстваў ёсць адрозненні. Для раслін, грыбоў і большасці водарасцей характэрна наяўнасць вакуоляў і клетачнай сценкі. Яе аснову у клетках раслін і многіх водарасцей складаюць валокны з цэлюлозы. Галоўным структурным кампанентам клетачных сценак грыбоў з'яўляюцца валокны, утвораныя хіцінам. Клеткі раслін і водарасцей змяшчаюць хларапласты. Цэнтрыёлі ўласцівыя клеткам жывёл і многіх пратыстаў, а ў большасці раслін і грыбоў яны адсутнічаюць. Рэзервовым вугляводам у раслін з'яўляецца крухмал, а ў жывёл і грыбоў — глікаген.