§ 15. Асаблівасці будовы клетак пракарыёт

Клеткі пракарыёт не маюць ядра і мембранных арганоідаў. Кожная пракарыятычная клетка абмежавана цытаплазматычнай мембранай і клетачнай сценкай, аснову якой складае каркас з мурэіну. У адрозненне ад грамдадатных бактэрый, у грамадмоўных па-над клетачнай сценкай ёсць вонкавая мембрана. Яна забяспечвае дадатковую ахову ад дзеяння розных хімічных рэчываў. Для клетак некаторых пракарыёт характэрна наяўнасць слізістай капсулы, варсінак і арганоідаў руху — жгуцікаў. Непасрэдна ў цытаплазме пракарыятычнай клеткі змешчана кальцавая малекула ДНК — бактэрыяльная храмасома. У клетках большасці бактэрый ёсць таксама невялікія кальцавыя малекулы ДНК — плазміды. Клеткі ўсіх пракарыёт змяшчаюць 70S рыбасомы, якія могуць свабодна змяшчацца ў гіялаплазме ці прымацоўвацца да цытаплазматычнай мембраны. У многіх бактэрый у гіялаплазме ёсць уключэнні. Некаторыя пракарыёты для перанясення неспрыяльных умоў могуць пераходзіць у стан споры.