§ 12. Гіялаплазма. Цыташкілет. Немембранныя арганоіды

Немембранныя арганоіды — гэта арганоіды, якія не абмежаваны ўласнай мембранай. Да гэтай групы арганэл належаць клетачны цэнтр,  *жгуцікі, раснічкі*, міяфібрылы і рыбасомы.

Клетачны цэнтр *(цэнтрасома)*  з’яўляецца цэнтрам арганізацыі зборкі мікратрубачак. Ён складаецца з дзвюх цэнтрыёлей і ўшчыльненага ўчастка цытаплазмы вакол іх, які змяшчае розныя бялкі. Клетачны цэнтр характэрны для клетак жывёл і шэрага пратыстаў. У клетках большасці раслін і грыбоў гэты арганоід адсутнічае. Центрыёлі ўяўляюць сабой цыліндры, *дыяметрам каля 150 нм*, размешчаныя перпендыкулярна адзін аднаму (мал. 12.5). Сценкі кожнай цэнтрыёлі ўтвораны дзевяццю трыплетамі мікратрубачак (9 × 3), звязаных спецыяльнымі бялкамі.

У перыяд паміж дзяленнямі клетачны цэнтр размяшчаецца ў цэнтральнай частцы клеткі каля ядра. Ён забяспечвае запуск зборкі мікратрубачак цыташкілета з малекул тубуліну. Мікратрубачкі, якія фарміруюцца, падаўжаюцца ў напрамку ад клетачнага цэнтра да перыферыі клеткі.

Перад дзяленнем клеткі адбываецца падваенне цэнтрыёлей. У пачатку дзялення пары цэнтрыёлей разыходзяцца да процілеглых полюсаў клеткі і ўтвараюць з мікратрубачак верацяно дзялення.

*Жгуцікі і раснічкі — гэта арганоіды руху. У клетках эўкарыёт яны ўяўляюць сабой тонкія (дыяметрам 250—300 нм) вырасты цытаплазмы, пакрытыя плазмалемай. Жгуцікі і раснічкі маюць аналагічную будову і прынцып работы. Яны адрозніваюцца толькі даўжынёй — раснічкі значна карацейшыя. Унутры гэтых арганоідаў знаходзіцца аксанема, ці восевая ніць — сістэма мікратрубачак, звязаных рознымі бялкамі. У саставе аксанемы дзевяць дуплетаў мікратрубачак размяшчаюцца на перыферыі, утвараючы цыліндр. У цэнтры восевай ніці знаходзяцца яшчэ дзве мікратрубачкі (мал. 12.6). Такім чынам, жгуцікі і раснічкі змяшчаюць па 20 мікратрубачак (9 × 2 + 2).

Да кожнага дуплета перыферычных мікратрубачак далучаны малекулы маторнага бялку дынеіну. За кошт энергіі, якая вылучаецца пры гідролізе АТФ, яны «крочаць» па мікратрубачцы суседняга дуплета. Пры гэтым адбываецца слізгаценне пар мікратрубачак адна адносна адной, што і прыводзіць да руху жгуціка ці раснічкі.

У аснове раснічкі ці жгуціка знаходзіцца базальнае цельца, будова якога аналагічная цэнтрыёлі (гл. рыс 12.6). Базальнае цельца служыць апорай арганоіда руху і з'яўляецца цэнтрам арганізацыі яго мікратрубачак.

З дапамогай жгуцікаў і раснічак ажыццяўляецца рух клетак: зааспор, сперматазоідаў, інфузорый і інш. Клеткі мігальнага эпітэлію, які высцілае, напрыклад, яйцаводы і дыхальныя шляхі чалавека, за кошт руху раснічак забяспечваюць транспарт вадкасцей і розных часцінак, што змяшчаюцца ў іх.*

Як вы ўжо ведаеце з курса біялогіі 9-га класа, скарачэнне папярочнапаласатых мышачных валокнаў забяспечваюць міяфібрылы. Гэта немембранныя арганоіды, у склад якіх уваходзяць упарадкавана размешчаныя ніці, утвораныя бялкамі акцінам і міязінам. За кошт энергіі АТФ у прысутнасці іонаў Ca2+ акцінавыя ніці перамяшчаюцца ўздоўж міязінавых. Гэта прыводзіць да памяншэння даўжыні міяфібрыл і тым самым да скарачэння мышачных валокнаў.

Рыбасомы — гэта вельмі дробныя арганоіды, характэрныя для ўсіх тыпаў клетак. Іх колькасць у розных клетках можа складаць ад некалькіх тысяч да мільёнаў. Рыбасомы пракарыёт і эўкарыёт маюць агульны прынцып арганізацыі і функцыянавання. Яны забяспечваюць сінтэз бялковых малекул з амінакіслот.

*Упершыню рыбасомы былі выяўлены з дапамогай электроннага мікраскопа ў сярэдзіне 1950-х гг. амерыканскім біёлагам Д. Паладэ. У 1974 г. за гэта адкрыццё ён быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй (супольна з А. Клодам і К. дэ Дзювам).*

Рыбасома складаецца з дзвюх субадзінак — вялікай і малой (мал. 12.7). Кожная з іх змяшчае адну ці некалькі малекул рРНК, звязаных з малекуламі розных бялкоў. У пракарыятычнай клетцы субадзінкі рыбасом фарміруюцца непасрэдна ў цытаплазме. У эўкарыёт утварэнне субадзінак адбываецца ў клетачным ядры. Пры гэтым спачатку сінтэзуюцца рРНК, якія затым злучаюцца са спецыяльнымі бялкамі, што паступаюць з цытаплазмы. Сфарміраваныя субадзінкі выходзяць з ядра ў гіялаплазму, дзе размяшчаюцца асобна адна ад адной і аб’ядноўваюцца толькі для сінтэзу бялку.

Памер рыбасом пракарыёт складае каля 20 нм. *Успомнім, што такія рыбасомы абазначаюць як 70S*Эўкарыятычныя *80S* рыбасомы буйнейшыя — да 30 нм. Акрамя рыбасом, змешчаных у гіялаплазме эўкарыятычнай клеткі, свае ўласныя рыбасомы маюць мітахондрыі і пластыды. Рыбасомы ў саставе гэтых арганоідаў (70S)* па памерах і будове больш падобныя да бактэрыяльных, чым да тых, якія прысутнічаюць у гіялаплазме.

*У эўкарыятычных клетках 80S рыбасомы могуць свабодна змяшчацца ў гіялаплазме або прымацоўвацца да мембраны эндаплазматычнай сеткі ці вонкавай мембраны ядра. Свабодныя рыбасомы сінтэзуюць унутрыклетачныя бялкі, а прымацаваныя да мембран — бялкі, якія падлягаюць вывядзенню з клеткі, а таксама мембранныя і лізасомныя бялкі.*