§ 29. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Гумаральны імунны адказ

*Антыцела (імунаглабулін) складаецца з чатырох поліпептыдных ланцугоў — двух аднолькавых лёгкіх і двух аднолькавых цяжкіх. Кожны лёгкі ланцуг далучаны да свайго цяжкага так, каб паміж імі фарміраваўся антыгензвязывальны ўчастак. У адной малекуле імунаглабуліну ёсць два аднолькавыя антыгензвязвальныя ўчасткі. Яны ўяўляюць сабой невялікія паглыбленні пэўнай формы. Сценкі і дно такіх паглыбленняў утвараюць паратоп. Так называецца паверхня антыгензвязвальнага ўчастка, якая забяспечвае хімічнае ўзаемадзеянне з антыгенам.

На антыгене ёсць выступы. Яны называюцца антыгеннымі дэтэрмінантамі. Паверхня антыгеннай дэтэрмінанты ўтварае эпітоп. Для злучэння антыцела з антыгенам трэба, каб эпітоп антыгену і паратоп антыцела апынуліся вельмі блізка. Менавіта тады паміж імі змогуць утварыцца некавалентныя хімічныя сувязі. Паколькі антыгензвязвальны ўчастак з'яўляецца паглыбленнем строга пэўнай формы, увайсці ў гэта паглыбленне можа выступ (антыгенная дэтэрмінанта) толькі вызначанага антыгену. Пра тое, наколькі высокі ўзровень спецыфічнасці імунаглабулінаў, гавораць эксперыменты, у якіх паказана, што змяненне нават аднаго атама ў эпітопе можа перашкаджаць узаемадзеянню антыгену з антыцелам.

* У цяжкіх ланцугах імунаглабулінаў ёсць так званыя шарнірныя ўчасткі. Дзякуючы іх наяўнасці кожны фрагмент малекулы з паратопам — ён  абазначаны Fab (ад англ.  fragment antigen binding — фрагмент, які злучае антыген) — увесь час рухаецца адносна фрагмента Fc. Гэта павышае імавернасць прасторавага сумяшчэння выступу на антыгене (антыгеннай дэтэрмінанты) з паглыбленнямі на антыцеле (антыгензвязвальнымі ўчасткамі).

Вельмі важна, што ў малекуле імунаглабуліну два паратопа. Гэта дае магчымасць антыцелам склейваць (аглютынаваць) антыгены (мал. 29.1).

*Знішчэнне антыгенаў (напрыклад, бактэрый) пры гэтым праходзіць значна хутчэй: фагацыты ў працэсе фагацытозу паглынаюць не асобныя бактэрыі, а адразу мноства (мал. 29.2). Акрамя таго, дзякуючы наяўнасці на фагацытуючых клетках рэцэптараў для імунаглабулінаў комплексы антыген-антыцела фагацытуюцца значна эфектыўней, чым незвязаныя імунаглабулінамі антыгены. Пры звязванні антыгенаў антыцеламі абмяжоўваецца іх рухомасць, а значыць, і распаўсюджванне ўнутры арганізма. Некаторыя небяспечныя для клетак арганізма малекулы, напрыклад таксіны (яды) бактэрый, у выніку злучэння з антыцеламі губляюць сваю таксічнасць.

Такім чынам, пры з'яўленні ў арганізме антыцел ступень аховы арганізма ад пэўных антыгенаў значна ўзрастае. У гэтым і заключаецца вынік гумаральных імунных адказаў.*

*Высокая спецыфічнасць антыцел у адносінах да антыгену важная не толькі для аховы арганізма. У сучаснай біялогіі і медыцыне антыцелы выкарыстоўваюцца ў якасці высокадакладнага даследчага інструмента. З дапамогай антыцел з сумесі розных бялкоў можна выдзяліць малекулы, якія ніякімі іншымі метадамі не выдзяляюцца. Выкарыстоўваючы антыцелы да антыгенаў на паверхні пэўных клетак, адрозніваюць вельмі падобныя па знешніх прыметах клеткі, напрыклад, Т-хэлперы і Т-кілеры. Па выяўленых з дапамогай антыцел антыгенах можна дакладна вызначыць стадыю развіцця плода пры цяжарнасці і яго стан. У гэтым выпадку аналізу падвяргаюць клеткі, якія ў невялікай колькасці прысутнічаюць у каляплоднай (амніятычнай) вадкасці. У залежнасці ад стадыі развіцця на паверхні гэтых клетак прысутнічаюць пэўныя бялкі, выявіць якія можна з дапамогай спецыфічных антыцел. Пэўныя антыцелы выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння ракавых захворванняў. Пры злаякасным перараджэнні клетак на іх з'яўляюцца адсутныя ў звычайных клетак антыгены. Калі да іх удаецца атрымаць  антыцелы, можна выяўляць раннія стадыі раку, што значна павялічвае імавернасць лячэння. Акрамя таго, падобныя антыцелы ўжываюцца для так званага адраснага лячэння ракавых захворванняў з дапамогай хіміяпрэпаратаў. Для гэтага да антыцел прымацоўваюць малекулы лекаў. Пры ўвядзенні такіх антыцел у арганізм яны спецыфічна звязваюцца толькі з ракавымі клеткамі, і хіміяпрэпарат дзейнічае толькі на іх. Пры гэтым здаровыя клеткі не пашкоджваюцца. І гэта толькі некалькі прыкладаў значнасці метадаў з выкарыстаннем антыцел у сучаснай навуцы і практыцы.*