§ 29. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Гумаральны імунны адказ
Як вы ўжо ведаеце, неспецыфічная ахова арганізма вызначаецца сумесным дзеяннем скурнага покрыва, слізістых абалонак і некаторых клетак крыві. Яна працуе пастаянна і яе праяўленне не вельмі залежыць ад таго, які непажаданы фактар дзейнічае. Дапаўняльная ў адносінах да яе спецыфічная ахова накіравана супраць пэўнага чужароднага агента і не дзейнічае супраць другіх. Яна развіваецца паступова і называецца імунным адказам.
*Назва «адказ» тут невыпадковая. Яна падкрэслівае дзве асаблівасці. Па-першае, што такая ахова развіваецца толькі пры неабходнасці. Як кажуць, няма пытання (у нашым выпадку чужароднага агента ва ўнутраным асяроддзі) — не патрэбен і адказ. Па-другое, адказ на пэўнае пытанне заўсёды павінен быць дакладным. І сучасная імуналогія даказала, што дакладнасць такіх адказаў арганізма на непажаданы ўплыў — гэта дакладнасць на малекулярным узроўні.*
Для апісання імунных адказаў даводзіцца выкарыстоўваць спецыяльны тэрмін — антыген. Так называюць любое рэчыва, здольнае выклікаць імунны адказ. У медыцыне пад антыгенам могуць разумець пэўнага ўзбуджальніка хваробы, напрыклад вірус ці бактэрыю. З пункту гледжання імуналогіі гэта складаныя антыгены, паколькі ў іх састаў уваходзіць мноства розных малекул — простых антыгенаў. *Пад антыгенам разумеюць арганічную малекулу з адноснай малекулярнай масай звыш 5000, якая мае стабільную прасторавую канфігурацыю. Фактычна такім патрабаванням адказваюць, перш за ўсё, бялковыя малекулы. І вы ўжо ведаеце, што іх разнастайнасць у прыродзе вельмі вялікая. Але тым і добрая імунная сістэма — яна ў стане адказаць практычна на кожны антыген.*
Імунная сістэма. Развіццё імунных адказаў на антыгены ў арганізме ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці імуннай сістэмы. Яна прадстаўлена спецыялізаванымі органамі, клеткамі і рэчывамі, якія гэтымі клеткамі выдзяляюцца.
Органамі імуннай сістэмы з’яўляюцца чырвоны касцявы мозг, тымус (вілачкавая залоза), селязёнка, лімфатычныя вузлы, міндаліны. Па значнасці іх падзяляюць на першасныя (цэнтральныя) і другасныя (перыферычныя). Да першасных органаў імуннай сістэмы належаць чырвоны касцявы мозг і тымус. У іх фарміруюцца клеткі імуннай сістэмы — лейкацыты.
Некаторыя лейкацыты забяспечваюць неспецыфічную ахову арганізма. Яны запускаюць і падтрымліваюць запаленне, а таксама ажыццяўляюць фагацытоз. Для спецыфічнай аховы арганізма важнымі з’яўляюцца асобныя групы лейкацытаў: манацыты і лімфацыты.
Манацыты ўтвараюцца ў чырвоным касцявым мозгу і трапляюць у крывацёк. Праз некалькі гадзін яны выходзяць праз сценкі капіляраў у розныя тканкі і ператвараюцца ў тканкавыя макрафагі.
Утварэнне ўсіх лімфацытаў таксама пачынаецца ў чырвоным касцявым мозгу. Для пэўнай групы лімфацытаў (В-лімфацытаў) ён з’яўляецца асноўным месцам выспявання. Іншыя лімфацыты выспяваюць у тымусе (Т-лімфацыты).
Тканкавыя макрафагі, Т-лімфацыты і В-лімфацыты з’яўляюцца тымі клеткамі імуннай сістэмы, якія забяспечваюць развіццё імуннага адказу.