§ 29. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Гумаральны імунны адказ

Развіццё першаснага імуннага адказу падзяляюць на некалькі этапаў. На першым этапе адбываецца паглынанне макрафагамі чужародных часцінак, якія трапілі ва ўнутранае асяроддзе арганізма. *Унутры макрафага такія часціцы расшчапляюцца на невялікія фрагменты. Гэтыя фрагменты аб’ядноўваюцца са спецыяльнымі бялкамі, якія выносяцца на вонкавую паверхню макрафага.* Далей макрафагі перамяшчаюцца ў лімфатычныя капіляры і з токам лімфы трапляюць у другасныя органы імуннай сістэмы, напрыклад у лімфатычныя вузлы. Тут ажыццяўляецца другі этап у развіцці спецыфічнай аховы.

У другасныя органы імуннай сістэмы з крывяносных капіляраў увесь час паступаюць Т-лімфацыты. *Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго спецыяльнымі рэцэптарамі для распазнання антыгенаў. Такія рэцэптары фарміруюцца пры выспяванні Т-лімфацытаў у тымусе. Кожны Т-лімфацыт мае рэцэптары да пэўных антыгенаў. Разнастайнасць Т-лімфацытаў па такіх рэцэптарах  настолькі вялікая, што перакрывае магчымую колькасць антыгенаў, якія могуць трапіць ва ўнутранае асяроддзе арганізма. Вобразна кажучы, у арганізме заўсёды знойдзецца некалькі Т-лімфацытаў, у якіх рэцэптары падыходзяць да таго антыгену, што быў захоплены тым ці іншым макрафагам.*

У другасных органах імуннай сістэмы макрафагі і Т-лімфацыты рухаюцца так, каб іх паверхні дакраналіся. Пры гэтым кожны макрафаг уваходзіць у кантакт з Т-лімфацытамі рознай спецыфічнасці. Калі рэцэптары Т-лімфацыта не адпавядаюць фрагменту чужароднай часціцы на паверхні макрафага, яны разыходзяцца, і макрафаг кантактуе з наступным Т-лімфацытам. Так адбываецца да таго часу, пакуль побач з макрафагам не апынецца Т-лімфацыт патрэбнай спецыфічнасці. У гэтым выпадку за кошт злучэння рэцэптараў Т-лімфацыта і фрагментаў антыгену на макрафагу кантакт атрымліваецца больш працяглым. У ходзе гэтага кантакту макрафаг актывуе Т-лімфацыт на размнажэнне. Пасля дзялення актываванага Т-лімфацыта абедзве даччыныя клеткі зноў дзеляцца, і так паўтараецца шмат разоў. Вельмі важна тое, што ўсе ўзнікшыя пры такіх дзяленнях клеткі маюць такія ж рэцэптары для антыгену, як і зыходны актываваны Т-лімфацыт. У выніку ў арганізме з'яўляецца мноства клетак, патрэбных для барацьбы менавіта з гэтым антыгенам. Гэта значыць, з кожнага актываванага Т-лімфацыта фарміруецца клон, які складаецца з тысяч аднолькавых клетак. У гэтым і заключаецца сутнасць другога этапу ў фарміраванні спецыфічнай аховы.*

Тут важна адзначыць, што Т-лімфацыты адрозніваюцца не толькі па спецыфічнасці да антыгена. Пры выспяванні ў тымусе Т-лімфацыты па­дзяляюцца на Т-хэлперы і Т-кілеры. Т-хэлперы (ад англ. helper — памочнік) самі не ўступаюць у барацьбу з чужародным агентам, а дапамагаюць актывавацца В-лімфацытам. Для гэтага яны праз крывацёк пераходзяць з аднаго другаснага органа імуннай сістэмы ў другі, затым у наступны і гэтак далей.

В-лімфацыты таксама маюць рэцэптары для антыгенаў. Такімі рэцэптарамі з’яўляюцца замацаваныя ў мембране в-лімфацыта антыцелы. Антыцелы *(імунаглабуліны)* — гэта бялковыя малекулы, якія могуць спецыфічна злучацца з антыгенам. 

*У кожнага нядаўна ўтворанага В-лімфацыта фарміруецца пэўная спецыфічнасць гэтых рэцэптараў.* Для В-лімфацытаў, як і для Т-лімфацытаў, характэрна вялікая разнастайнасць па спецыфічнасці ў адносінах да антыгенаў. В-лімфацыты таксама пастаянна перамяшчаюцца з аднаго другаснага органа імуннай сістэмы ў другі. Гэта павялічвае верагоднасць сустрэчы Т-хэлпераў, якія з’явіліся на другім этапе, з В-лімфацытам, *які мае  рэцэптары да таго чужароднага агента, з якім зараз разгортваецца барацьба*.

Калі такая сустрэча ажыццяўляецца, В-лімфацыт атрымлівае ад Т-хэлпера сігнал актывацыі і пачынае дзяліцца. Пры гэтым усё яго патомства захоўвае ўласцівую зыходнай клетцы спецыфічнасць рэцэптараў. Гэта значыць, што і на трэцім этапе развіцця спецыфічнай аховы арганізм у шмат разоў павялічвае колькасць патрэбных клетак.

Большая частка размножаных В-лімфацытаў ператвараецца ў плазматычныя клеткі (плазмацыты). Так называюцца В-лімфацыты, якія з другасных органаў імуннай сістэмы пераходзяць у плазму крыві. Яны сінтэзуюць і выдзяляюць у кроў вялізную колькасць антыцел. Гэтыя антыцелы маюць тую ж спецыфічнасць, што і рэцэптары зыходнага В-лімфацыта. Антыцелы звязваюцца з антыгенам, што спрыяе яго хуткаму знішчэнню фагацытуючымі клеткамі. Сфарміраваная такім чы­нам спецыфічная ахова называецца гумаральным імунным адказам*Назва паходзіць ад лацінскага слова humorвадкасць. Гэтым падкрэсліваецца, што ахоўнымі ўласцівасцямі валодае плазма крыві, а не клеткі. Прычым, у адрозненне ад сістэмы камплементу, такая ахова з'яўляецца высока спецыфічнай. Гэта абумоўлена малекулярнай структурай антыцел.*