§ 27. Рэгуляцыя жыццёвых функцый арганізма

Паняцце пра самарэгуляцыю. Жывыя клеткі пастаянна выкарыстоўваюць рэчывы, спажываюць энергію і выдзяляюць прадукты жыццядзейнасці. Таму асяроддзе вакол клеткі ўвесь час змяняецца. А гэта азначае, што рэгуляцыя павінна адбывацца пастаянна і бесперапынна. Пры любых адхіленнях ад аптымальных для клетак умоў у тым ці іншым органе арганізма ажыццяўляюцца працэсы, якія вяртаюць фактар, які адхіліўся, да значэння оптымуму.

*У гэтым лёгка пераканацца на простым эксперыменце. Паспрабуйце зрабіць дваццаць прысяданняў за 1 мін і ацаніць свой стан. Вы напэўна зафіксуеце змяненні ў рабоце сэрца, дыханні, выдзяленні поту. Усё гэта адбываецца таму, што пры ўзмоцненай рабоце мышцаў ног у тканкавай вадкасці гэтых органаў змяншаецца колькасць кіслароду і глюкозы, узрастае колькасць іонаў вугальнай кіслаты і павялічваецца тэмпература. І арганізм тут жа рэагуе на гэта апісанымі вышэй зменамі ў функцыянаванні сістэм, якія адказваюць за гамеастазіс.*

Пры гэтым не важна, што выклікала парушэнне гамеастазісу — знешняе ці ўнутранае ўздзеянне. Фактычна арганізм рэагуе менавіта на змяненні ў сваім унутраным асяроддзі і сам жа, за кошт змянення дзейнасці сваіх органаў, мяняе свой стан. Таму такую рэгуляцыю ў біялогіі называюць самарэгуляцыяй.

Такім чынам, любы жывы арганізм уяўляе сабой адкрытую сістэму, якая самарэгулюецца. Гэта выяўляецца як на ўзроўні кожнай клеткі, так і на ўзроўні мнагаклетачнага арганізма ў цэлым. Канчатковая мэта такой рэгуляцыі — стварэнне аптымальных умоў для біяхімічных рэакцый, якія працякаюць у клетках. У мнагаклетачных арганізмаў гэта дасягаецца шляхам рэгулявання актыўнасці органаў і сістэм, якія дзейнічаюць зладжана.