§ 27. Рэгуляцыя жыццёвых функцый арганізма
Галоўнай перавагай жыцця клетак у мнагаклетачным арганізме ў параўнанні з адзіночным існаваннем з’яўляецца памяншэнне неспрыяльнага ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя. Пры сумесным жыцці клеткі за кошт сваёй сукупнай жыццядзейнасці ствараюць для сябе асаблівае асяроддзе пражывання.
*Яркім прыкладам гэтага факта з'яўляецца існаванне мнагаклетачных арганізмаў на паверхні сушы. Як вядома, для жыцця на планеце Зямля патрэбнай умовай з'яўляецца абавязковая наяўнасць дастатковых колькасцей вады як унутры клетак, так і ў навакольным асяроддзі. Без гэтага немагчыма ні паступленне патрэбных для жыцця рэчываў, ні працяканне тых самых біяхімічных рэакцый, якія ляжаць у аснове жыццядзейнасці. З гэтага пункту гледжання толькі вадаёмы і паверхня сушы, якая ўвесь час змяшчае патрэбную колькасць вады (вільготная глеба), могуць быць месцам жыцця. Аднак мнагаклетачныя жывыя арганізмы, у тым ліку чалавек, жывуць па-за вадаёмамі і вільготнай глебы. Пры гэтым усе іх клеткі атрымліваюць патрэбную для жыцця колькасць вады. *
Стварэнне і падтрыманне спрыяльнага для жыцця асяроддзя дасягаецца тым, што ў мнагаклетачным арганізме клеткі спецыялізуюцца для выканання пэўных функцый. Такія функцыі не абавязковыя для існавання кожнай канкрэтнай клеткі, але важныя для выжывання арганізма ў цэлым. Наколькі высокі ўзровень такой спецыялізацыі, можна ўбачыць, калі параўнаць клеткі розных тканак аднаго арганізма, напрыклад эрытрацыты і нейроны чалавека. Гэтыя клеткі вельмі моцна адрозніваюцца па будове, памерах, асаблівасцях працэсаў жыццядзейнасці. Кожная такая спецыялізаваная клетка ў асобнасці існаваць не можа. Аднак сумесна такія клеткі ствараюць унутранае асяроддзе мнагаклетачнага арганізма, якое значна лепш прыстасавана для жыцця клетак, чым асяроддзе, што акружае арганізм у цэлым.
Пры гэтым неабходныя для жыцця клетак фактары ў знешнім асяроддзі могуць вагацца ў шырокіх межах, але ва ўнутраным асяроддзі яны будуць заставацца нязменнымі. Такое пастаянства ўнутранага асяроддзя называецца гамеастазісам.
Рэгуляцыя жыццёвых функцый у раслін. Асноўнай умовай існавання раслінных клетак з’яўляецца наяўнасць святла, вуглякіслага газу, вады і іонаў солей. Вегетатыўныя органы раслін пабудаваны так, каб змешчаныя ў наземна-паветраным асяроддзі клеткі атрымлівалі ўсё неабходнае. Клеткі асноўнай тканкі лістоў, якія лепш за ўсё асветлены, атрымліваюць неабходную ваду і іоны солей дзякуючы ўсмоктвальнай функцыі кораня і праводзячай функцыі сцябла. Праз вусцейкі да гэтых жа клетак паступае вуглякіслы газ. У выніку працэсу фотасінтэзу ў клетках лістоў утвараецца вялікая колькасць багатага энергіяй арганічнага рэчыва. Яго хапае не толькі для жыццядзейнасці гэтых клетак. Па праводзячай тканцы багатыя энергіяй вугляводы дастаўляюцца і тым клеткам раслін, на якія святло не трапляе. Дзякуючы гэтаму клеткі каранёў і ўнутранай часткі сцёблаў падтрымліваюць сваю жыццядзейнасць і выконваюць функцыі, неабходныя ўсёй расліне.
Каб усё апісанае адбывалася найлепшым чынам, неабходна рэгуляцыя агульных жыццёвых працэсаў арганізма. У раслінах яна ажыццяўляецца дзякуючы накіраванаму росту органаў. Карані растуць так, каб іх клеткі маглі паглынуць найбольшую колькасць вады і мінеральных рэчываў. Рост і галінаванне сцёблаў накіраваны на вынас лістоў да святла. Генератыўныя органы раслін таксама выносяцца ў найлепшыя ўмовы для ажыццяўлення працэсаў размнажэння.
Усё гэта магчыма таму, што ў розных частках арганізма расліны знаходзяцца ўтваральныя тканкі. Іх клеткі ўвесь час здольныя да дзялення, але дзеляцца толькі тады, калі на іх дзейнічаюць спецыяльныя рэчывы. Гэтыя рэчывы называюцца фітагармонамі. Пад дзеяннем фітагармонаў паскараецца ці запавольваецца дзяленне клетак і іх дыферэнцыроўка. Дзякуючы гэтаму ў залежнасці ад умоў навакольнага асяроддзя адбываюцца сезонныя змяненні ў жыцці раслін. Пры спрыяльных умовах органы растуць і развіваюцца. Пры пагаршэнні ўмоў расліна пераходзіць у стан спакою.
Састаў і колькасць фітагармонаў змяняецца ў залежнасці ад стану і размяшчэння органаў на расліне. Наглядным прыкладам з’яўляецца рэгуляванне фарміравання кроны ў дрэвавых раслін. У залежнасці ад асветленасці той ці іншай часткі расліны рэгулюецца рост яе бакавых парасткаў. Фітагармоны, якія выдзяляюцца верхавінкавымі ўчасткамі сцябла, пераразмяркоўваюцца ўнутры расліны так, каб рост парасткаў забяспечваў максімальную асветленасць ліставой паверхні. Пры гэтым частка сцябловых пупышак пад дзеяннем гэтых гармонаў пераходзіць у стан спакою. Калі парасткі, якія актыўна растуць, пашкоджваюцца (напрыклад, пры абразанні выдаляюцца іх верхавінкавыя часткі), адсутнасць гармонаў, якія яны выдзялялі, прыводзіць да развіцця парасткаў з почак, што знаходзяцца ў стане спакою. Такім чынам расліна зноў сфарміруе крону, якая дазволіць ёй найлепшым чынам фотасінтэзаваць.
*Веданне характару рэгулявання жыццядзейнасці расліннага арганізма мае практычнае значэнне. Агратэхнічныя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, распрацоўваюцца і ўжываюцца з улікам дзеяння фітагармонаў. Напрыклад, перасадку цыбульных шматгадовых раслін ажыццяўляюць у перыяды спакою. У той час рост і развіццё іх надземных парасткаў і каранёў абмежаваны з прычыны адпаведнага дзеяння фітагармонаў. Гэта гарантуе адсутнасць пашкоджанняў, магчымых пры перасадцы. Абразанне галінак дрэвавых парод праводзяць, грунтуючыся на іх здольнасці фарміраваць пупышкі ў стане спакою. Эфектыўнасць размнажэння раслін сцябловымі ці ліставымі чаранкамі павялічваюць шляхам апрацоўкі чаранкоў растворамі фітагармонаў, якія стымулююць фарміраванне каранёў.*