§ 27. Рэгуляцыя жыццёвых функцый арганізма

Рэгуляцыя жыццёвых функцый у жывёл. Будова і функцыянаванне сістэм жыццезабеспячэння ў арганізме жывёл больш складаныя. У іх для падтрымання гамеастазісу патрабуецца каардынаваная работа стрававальнай, дыхальнай, крывяноснай і выдзяляльнай сістэм. Для забеспячэння зладжанай работы гэтых сістэм у арганізме жывёл, у адрозненне ад раслін, існуюць дзве спецыялізаваныя рэгулятарныя сістэмы — эндакрынная і нервовая.

Рэгуляцыя работы органаў, якая здзяйсняецца эндакрыннай сістэмай, па асноўным прынцыпе падобна да рэгуляцыі ў раслін. Пэўныя рэчывы — гармоны — дзейнічаюць непасрэдна на клеткі, што прыводзіць да змянення ўнутрыклетачных працэсаў. Гармоны сінтэзуюцца клеткамі спецыяльных органаў — залоз унутранай і змешанай сакрэцыі. Гэтыя рэчывы размяркоўваюцца сістэмай кровазвароту па ўсім арганізме, але дзейнічаюць выбіральна. Пад іх дзеянне трапляюць толькі тыя клеткі, у якіх ёсць рэцэптары да гэтых гармонаў. Такая рэгуляцыя называецца гумараль­най. Яна дазваляе змяніць актыўнасць клетак адразу ў многіх тканках і органах.

Нервовая сістэма працуе па іншым прынцыпе. Тут сігнал перадаецца ад кіруючага органа — нервовага цэнтра да пэўнага рэгулюемага органа. Гэта дасягаецца за кошт шматлікіх нерваў, якія злучаюць усе орга­ны з цэнтральнай нервовай сістэмай (ЦНС).  *У беспазваночных жывёл цэнтральная нервовая сістэма (ЦНС) прадстаўлена нервовымі вузламі — гангліямі. Больш складана арганізаваныя жывёлы з падтыпу Пазваночныя — яны маюць і больш складаную нервовую сістэму. Іх ЦНС — гэта галаўны і спінны мозг, якія складаюцца са значна большай колькасці нейронаў. Гэта дае магчымасць лепш і хутчэй каардынаваць работу ўсіх органаў і сістэм.*

У ЦНС па адчувальных валок­нах нерваў паступае інфармацыя пра стан кожнага орга­на. Тут яна супастаўляецца з інфармацыяй пра стан асяроддзя, якая паступае ад органаў пачуццяў. Вынікам такой дзейнасці з’яўляюцца рэгулятарныя сігналы — нервовыя імпульсы, якія перадаюцца да органаў па рухальных валокнах. У залежнасці ад гэтых сігналаў работа органаў змяняецца.

*Пад такім кантролем знаходзяцца ўсе органы мнагаклетачнага арганізма. Кантроль ажыццяўляецца пастаянна і бесперапынна. Пры гэтым дзейнасць усіх сістэм жыццезабеспячэння каардынуецца так, каб у тканкавых вадкасцях арганізма падтрымваліся аптымальныя для клетак умовы.*

Нервовая рэгуляцыя ажыццяўляецца ў шмат разоў хутчэй, чым гумаральная. Яна дазваляе арганізму рэагаваць на вельмі нязначныя ваганні фактараў знешняга і ўнутранага асяроддзя. Але правядзенне рэгулятарных сігналаў па нервовых клетках ажыццяўляецца з пэўнымі энергетычнымі затратамі. Пасля правядзення нервовага імпульсу нейронам даводзіцца аднаўляць аптымальную для іх колькасць малекул АТФ. Таму ў цэлым для нервовай сістэмы характэрна стамляльнасць, сведчаннем якой з’яўляецца перыядычнае зніжэнне яе актыўнасці. У прыватнасці, арганізм чалавека штосутачна вымушаны пераходзіць у стан сну. У час сну нервовая рэгуляцыя не спыняецца цалкам, а ажыццяўляецца на больш нізкім узроўні ў параўнанні з перыядам няспання. Поўнае пазбаўленне магчымасці заснуць прыводзіць да парушэнняў у рабоце нервовай сістэмы, а працяглая адсутнасць сну становіцца смяротна небяспечнай.

З аднаго боку, гэта падкрэслівае значнасць нервовай рэгуляцыі, а з другога — дазваляе зразумець, чаму пры наяўнасці высокадакладнай і хуткадзейнай нервовай сістэмы ў арганізме жывёл захоўваецца і гумаральная рэгуляцыя. Дзеянне гармонаў дае магчымасць пры значна меншых энергетычных затратах падтрымліваць працяглыя жыццёва важныя працэсы. Перш за ўсё гаворка ідзе пра абмен рэчываў, які павінен адбывацца ў арганізме пастаянна на працягу ўсяго жыцця. Акрамя таго, працяглыя працэсы росту і развіцця таксама падля­гаюць кантролю з боку залоз унутранай і змешанай сакрэцыі. Звязаныя з парушэннямі работы гэтых залоз захворванні (пра іх вы ведаеце з курса біялогіі 9-га класа) наглядна пацвярджаюць ролю гумаральнай рэгуляцыі.

Яшчэ адным прыкладам значнасці гумаральнай рэгуляцыі з’яўляюцца сітуацыі, пры якіх у актыўны стан неабходна адначасова перавесці большасць сістэм арганізма. Вядомая кожнаму з нас мабілізацыя ўсіх рэсурсаў арганізма пры адчуванні небяспекі (спалох) вызначаецца перш за ўсё хуткім выкідам гармонаў, у прыватнасці адрэналіну.

Гэты прыклад дэманструе ўзаемасувязь нервовай і гумаральнай рэгуляцыі. Усе эндакрынныя залозы і залозы змешанай сакрэцыі інерваваны, г. зн. знаходзяцца пад кантролем нервовай сістэмы. Гэта, з аднаго боку, дазваляе ў пэўных сітуацыях узмацніць ці аслабіць сакраторную актыў­насць гэтых органаў у залежнасці ад атрыманых нервовай сістэмай сігналаў. З другога боку, мае месца ўплыў канцэнтрацыі некаторых гармонаў на функцыянаванне нервовай сістэмы. Таму гавораць, што дзейнасць органаў, сістэм органаў і ўсяго арганізма жывёл знаходзіцца пад кантролем так званай нейрагумаральнай рэгуляцыі.