§ 26. Значэнне вірусаў у жыцці чалавека. Вірусныя захворванні і іх прафілактыка

*Выкарыстанне вірусаў чалавекам. Некаторыя вірусы насякомых выкарыстоўваюцца для барацьбы са шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Створаныя на іх аснове сродкі аховы раслін маюць пэўныя перавагі перад хімічнымі прэпаратамі (успомніце, якую шкоду прыносяць прыродзе хімічныя сродкі аховы раслін). Аднак іх ужыванне абмежавана з прычыны складанасцей вытворчасці патрэбнай колькасці вірусных часціц. Для стварэння такіх біяпрэпаратаў даводзіцца выкарыстоўваць культуры клетак пэўных відаў насякомых. Гэта істотна павышае цану падобных сродкаў аховы ў параўнанні з шырока ўжывальнымі ядахімікатамі.

Маюцца таксама і вірусныя прэпараты, прызначаныя для барацьбы з бактэрыяльнымі хваробамі раслін. Іх аснову складаюць бактэрыяфагі, якія паразітуюць на пэўных відах бактэрый. Як правіла, гэтыя прэпараты ўяўляюць сабой сумесі вірусных часціц некалькіх відаў вірусаў, што дае магчымасць ахаваць расліны ад некалькіх відаў бактэрый адначасова.

Падобным чынам ствараюць і сродкі для лячэння некаторых інфекцыйных захворванняў чалавека. У медыцыне выкарыстанне вірусаў бактэрый называецца фагатэрапіяй. Лекавыя прэпараты на аснове бактэрыяфагаў найбольш эфектыўныя ў тых выпадках, калі бактэрыі-ўзбуджальнікі хваробы ўстойлівыя адразу да некалькіх антыбіётыкаў. Адной з пераваг фагатэрапіі ў параўнанні з выкарыстаннем антыбіётыкаў з'яўляецца тое, што бактэрыяфагі аказваюць згубны ўплыў толькі на пэўныя хваробатворныя бактэрыі, але не прыгнятаюць карысныя віды, што жывуць у тоўстым кішэчніку чалавека.*