§ 26. Значэнне вірусаў у жыцці чалавека. Вірусныя захворванні і іх прафілактыка

Як вы ўжо ведаеце, тып біятычных адносін, якія ўзнікаюць паміж вірусам і яго гаспадаром, адносяць да паразітызму. Асновай для гэтага з’яўляецца тое, што пераважная большасць вірусаў у ходзе свайго размнажэння наносіць шкоду арганізму гаспадара.

Пры пашкоджанні вірусам клетка траціць свае рэсурсы не на ўласныя патрэбы, а на ўзнаўленне вірусных часцінак, што ўжо з’яўляецца неспрыяльным уздзеяннем. Многія вірусы ў перыяд размнажэння з дапамогай спецыяльных бялкоў абмяжоўваюць біясінтэз шэрага ўласных бялкоў клеткі, што яшчэ больш шкодзіць гаспадару. Большасць інфіцыраваных клетак гіне або пры вызваленні новых вірусных часцінак, або ў выніку вычэрпвання сваіх рэсурсаў. Усё гэта прыводзіць да развіцця тых ці іншых захворванняў на ўзроўні мнагаклетачнага арганізма.

Выкліканыя вірусамі хваробы сельскагаспадарчых раслін і жывёл наносяць чалавецтву істотную матэрыяльную шкоду. Вірусы могуць выклікаць гібель мікраарганізмаў, якія выкарыстоўваюцца ў біятэхналагічных працэсах, і тым самым парушаць вытворчасць прадуктаў харчавання, а таксама антыбіётыкаў, вітамінаў і іншых біялагічна актыўных рэчываў. Асаблівую ўвагу даводзіцца надаваць вірусам, якія паразітуюць у клетках чалавека.

Вірусныя захворванні чалавека. Хваробы, якія выклікаюцца вірусамі, належаць да катэгорыі найбольш небяспечных інфекцыйных за­хворванняў чалавека. Многія інфекцыйныя хваробы характарызуюц­ца здольнасцю ахопліваць вялікую колькасць людзей адначасова, што істотна зніжае магчымасці аказання неабходнай медыцынскай дапамогі. Але вірусныя захворванні займаюць асаблівае становішча. Калі суп­раць інфекцый, якія выклікаюцца паразітычнымі бактэрыямі, медыцына ў XX ст. знайшла лекавыя прэпараты, якія эфектыўна дзейнічаюць, — анты­біё­тыкі, то супрацьвірусных сродкаў у арсенале ўрачэй істотна менш.

Справа ў тым, што сутнасць лячэння пры інфекцыйным захворванні зводзіцца да абмежавання размнажэння мікраарганізма, які выклікаў хваробу. У залежнасці ад хімічнай прыроды антыбіётыкі здольныя ўздзей­нічаць на пэўныя структуры клетак бактэрый і парушаць тым самым працэсы іх жыццядзейнасці. Падзейнічаць такім жа чынам на змешчаныя па-за клеткай вірусныя часцінкі практычна немагчыма, бо для іх уласны абмен рэчываў не характэрны. Для прадухілення размнажэння віруса неабходна знайсці такія рэчывы, якія б парушалі той ці іншы этап у яго размнажэнні, але пры гэтым не мелі згубнага ўплыву на жыцця­дзейнасць клеткі-гаспадара. Зрабіць гэта значна цяжэй, паколькі вірус выкарыстоўвае для свайго размнажэння менавіта сістэмы жыццядзейнасці клеткі. Таму ў барацьбе з віруснымі захворваннямі важнейшую ролю адыгрывае прафілактыка — прадухіленне заражэння.

Прафілактычныя меры ў сучаснай сістэме аховы здароўя прадугледжваюць выкананне санітарна-гігіенічных норм і правіл паводзін, а таксама стварэнне актыўнага імунітэту ў шырокіх слаёў насельніцтва.

Прафілактыка на ўзроўні санітарыі і гігіены накіравана на прадухіленне пападання вірусаў у арганізм чалавека. Для кожнага віду вірусаў вядомы так званыя «ўваходныя вароты». Гэта тыя тканкі арганізма, дзе знаходзяцца адчувальныя да віруса клеткі. Калі вірус здолее прымацавац­ца да іх паверхні і трапіць унутр, пачнецца працэс яго размнажэння. Як вы ўжо ведаеце, адна заражаная клетка становіцца крыніцай мноства новых вірусных часцінак. Таму колькасць пашкоджаных вірусам клетак будзе хутка нарастаць, што і прывядзе да з’яўлення сімптомаў хваробы.

Уваходнымі варотамі для многіх вірусаў з’яўляюцца слізістыя абалонкі дыхальнай, стрававальнай, выдзяляльнай і палавой сістэм. Слізь, якая на іх змяшчаецца, перашкаджае ўздзеянню вірусаў на клеткі. Таму істотную ролю адыгрывае колькасць вірусных часцінак, якія першапачаткова трапляюць на слізістую абалонку. Чым менш іх будзе, тым менш верагодны пачатак інфекцыйнага працэсу.

Звычайна крыніцай вірусных часцінак з’яўляюцца хворыя людзі. Таму кантакты з імі, а таксама з прадметамі ўжытку, на якія маглі трапіць вірусы ад хворага, неабходна звесці да мінімуму. Пры захворваннях дыхальнай сістэмы важнай мерай прафілактыкі з’яўляецца выкарыстанне ахоўных масак, якія закрываюць рот і нос. Надзяваць такія маскі трэба як тым, хто хварэе, так і людзям, што кантактуюць з імі. Нашэнне маскі ў месцах з вялікай колькасцю людзей (грамадскі транспарт, магазіны, месцы вучобы ці работы і г. д.) у перыяд абвешчаных эпідэмій істотна памяншае распаўсюджванне вірусаў.

Мыццё рук з мылам і іх апрацоўка сродкамі для дэзінфекцыі спрыяе ахове ад усіх груп вірусаў, паколькі праз інфіцыраваныя рукі вірус трапляе на ежу, прадметы ўжытку і далей у адпаведныя ўваходныя вароты.

Асобнае месца займае прафілактыка ВІЧ-інфекцыі. Узбуджальнік гэтага захворвання — вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) перадаецца пры пападанні крыві заражанага чалавека ва ўнутранае асяроддзе ці на слізістыя абалонкі здаровых людзей. Таму не трэба выкарыстоўваць рэжучыя і колючыя прадметы (іголкі, шпрыцы, манікюрныя інструменты, прыборы для нанясення татуіроўкі і г. д.), на якіх магла застацца кроў іншага чалавека. Выдзяленнямі чалавека, якія змяшчаюць вірус, могуць быць таксама семявая і вагінальная вадкасці. З улікам гэтага рэкамендавана ўступаць у неабароненыя палавыя кантакты толькі з партнёрамі, якім вы давяраеце, або выкарыстоўваць прэзерватывы. Да прафілактычных мер належыць і добраахвотнае тэсціраванне на наяўнасць заражэння. *Для гэтага трэба звярнуцца ў адпаведныя медыцынскія лабараторыі, калі ў вас узніклі асцярогі з нагоды магчымага заражэння. Да атрымання вынікаў тэсціравання трэба пазбягаць кантактаў, пры якіх ад вас могуць заразіцца здаровыя людзі. *ВІЧ-інфіцыраваныя людзі пры выкананні рэкамендаваных правілаў паводзін не ўяўляюць небяспекі для іншых і з'яўляюцца паўнапраўнымі членамі грамадства. Такім людзям трэба аказваць псіхалагічную падтрымку і спрыяць у атрыманні магчымасцей для лячэння.*

ВІЧ-інфекцыя належыць да інфекцыйных захворванняў, якія працякаюць павольна. Нягледзячы на тое што цалкам вылячыць заражанага ВІЧ чалавека сучасная медыцына не можа, стрымліваць развіццё інфекцыйнага працэсу магчыма. Існуе шэраг медыцынскіх прэпаратаў, ужыванне якіх памяншае тэмпы размнажэння віруса. Лячэнне такімі прэпаратамі дазваляе аддаліць на гады наступленне смяротна небяспечнага этапу ў інфекцыйным працэсе, які называецца сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Смяротная небяспека звязана з тым, што арганізм ВІЧ-інфіцыраванага чалавека перастае абараняцца ад узбуджальнікаў захворванняў. Несмяротныя для здаровых людзей хваробы становяцца прычынай гібелі заражаных ВІЧ.

*Сусветная арганізацыя аховы здароўя (САЗ) разглядае лячэнне ВІЧ-інфіцыраваных як частку прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. Гэта не толькі дапамога хворым, але і стрыманне распаўсюджвання віруса.*

Апісаныя вышэй рэкамендацыі не абавязковыя для выканання, прытрымлівацца іх ці не залежыць ад асабістага жадання кожнага чалавека. Але пры пэўных умовах санітарна-гігіенічныя меры прафілактыкі павінны ажыццяўляцца ў абавязковым парадку і пад кантролем працаўнікоў эпідэміялагічных службаў. Пры асабліва небяспечных інфекцыях можа быць абвешчаны карантын — комплекс супрацьэпідэмічных і лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне эпідэміі. Парушэнні карантыннага рэжыму праследуюцца па законе.

Некаторыя вірусы пападаюць у арганізм чалавека пры ўкусах крова­сысучых членістаногіх (камароў, кляшчоў, вошай). *Да распаўсюджаных такім чынам вірусных хвароб належаць вірусны клешчавы энцэфаліт, жоўтая ліхаманка, ліхаманка дэнге, ліхаманка Заходняга Ніла, ліхаманка Зіка і інш.* У гэтым выпадку прафілактыка заключаецца ў абмежаванні кантакту з пераносчыкамі вірусаў.

Вірус шаленства здольны выклікаць захворванне не толькі ў чалавека, але і ў шэрага відаў жывёл, у тым ліку і хатніх (сабакі, кошкі). Ён пашкоджвае нервовыя клеткі, што робіць паводзіны жывёл больш агрэсіўнымі. Укусы, нанесеныя хворай жывёлай чалавеку, могуць прыво­дзіць да яго заражэння. Таму, калі вас укусіла жывёла, трэба абавязкова звярнуцца да ўрача для атрымання прафілактычнай дапамогі.

У пачатку ХХI ст. да ўжо вядомых медыцыне вірусных захворванняў чалавека дабавілася каранавірусная інфекцыя. Узбуджальнік гэтай хваробы вядзе сваё паходжанне ад каранавірусаў, якія жылі ў арганізме кажаноў. У выніку прыродных генетычных змяненняў з’явіліся варыянты каранавіруса, здольныя размнажацца ў клетках чалавека. Як і іншыя ўзбуджальнікі захворванняў дыхальнай сістэмы (напрыклад, вірусы грыпу), каранавірусы перадаюцца ад чалавека да чалавека паветрана-кро­пельным шляхам, таму асноўнай мерай прафілактыкі з’яўляецца абмежаванне кантактаў паміж людзьмі і ахова органаў дыхання ад пападання вірусаў з дапамогай масак, якія закрываюць рот і нос.

Апісаныя меры прафілактыкі дапамагаюць змагацца з хваробатворнымі вірусамі, але не вырашаюць праблему канчаткова. Цалкам пазбавіць чалавецтва ад той ці іншай віруснай інфекцыі можна шляхам стварэння ў людзей штучнага актыўнага імунітэту. Як вы памятаеце з курса біялогіі 9-га класа, дадзеная форма імунітэту ўзнікае ў выніку вакцынацыі (прышчэпкі).

*Вакцынацыя ажыццяўляецца медыцынскімі службамі з выкарыстаннем супрацьвірусных вакцын, якія вырабляюць з хваробатворных вірусаў ці іх бялкоў. Уплыў вакцыны на чалавека забяспечвае развіццё ўстойлівасці, падобнай да той, якая ўзнікае пасля перанесенага захворвання. Пры гэтым хвароба сама па сабе не ўзнікае, але фарміруецца імуналагічная памяць, якая робіць чалавека ахаваным ад узбуджальніка.*

Прафілактыка з дапамогай вакцын патрабуе значна большых матэрыяльных і фінансавых затрат, але дае вельмі добрыя вынікі. Масавая вакцынацыя насельніцтва ў многіх краінах свету на працягу ХХ ст. прывяла да значнага скарачэння ліку выпадкаў захворвання такімі віруснымі хваробамі, як воспа, поліяміэліт, гепатыт В і інш. У 1977 г. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (САЗ) абвясціла пра канчатковую перамогу над вірусам натуральнай воспы і адмену абавязковай вакцынацыі супраць гэтага раней шырока распаўсюджанага захворвання.

Такі эфект масавай вакцынацыі  тлумачыцца высокай спецыфічнасцю ўзбуджальнікаў. Паколькі вірус з’яўляецца абавязковым паразітам чалавека (г. зн. нідзе, акрамя клетак чалавечага арганізма, размнажацца не можа), вакцынацыя большасці людзей фактычна пазбаўляе яго асяроддзя пражывання. Колькасць віруса падае так моц­на, што ён можа цалкам знікнуць. У гэтым выпадку праблема звязанага з дадзеным вірусам захворвання вырашаецца цалкам і канчаткова.

Супраць вірусаў, якія валодаюць высокім узроўнем зменлівасці, даводзіцца ўжываць асаблівы варыянт вакцынапрафілактыкі. У гэтым выпадку выкарыстоўваюцца прэпараты, якія ўяўляюць сабой спалучэнні вакцын супраць некалькіх варыянтаў віруса. Напрыклад, для прафілактыкі грыпу праводзіцца штогадовая вакцынацыя супраць трох найбольш распаўсюджаных у дадзеным годзе штамаў узбуджальніка. Гэта дазваляе не дапускаць у апошнія дзесяцігоддзі эпідэмій грыпу, якія яшчэ 15 гадоў таму штогод узнікалі ў большасці краін. У цяперашні час вядзецца інтэнсіўная работа па стварэнні падобных полівакцын супраць каранавіруснай інфекцыі.

Аднак для дасягнення падобных вынікаў патрэбна не толькі вялізная шматгадовая праца вучоных, медыцынскіх работнікаў, стваральнікаў і вытворцаў вакцын. Найважнейшым складальнікам такой прафілактыкі з’яўляецца правільнае стаўленне да вакцынацыі кожнага чалавека. Калі па стане здароўя вакцынацыя вам не супрацьпаказаная, то ўхіляцца ад абавязковых прышчэпак — значыць перашкаджаць барацьбе чалавецтва з узбуджальнікам хваробы. Важна і тое, што, з атрыманнем вакцыны, мы не толькі захоўваем уласнае здароўе, але і ахоўваем людзей навокал. Чым больш людзей прышчэплена, тым меншая верагоднасць заражэння тых, хто не мог быць прышчэплены.

*Нягледзячы на вялізныя дасягненні навукі і практычнай медыцыны, многія вірусныя захворванні працягваюць уяўляць вялікую небяспеку для чалавецтва. Асноўныя праблемы ў стварэнні эфектыўных вакцын заключаюцца ў высокім узроўні зменлівасці вірусаў і цяжкасцях іх лабараторнага культывавання. Гэта не дазваляе пакуль цалкам справіцца з такімі віруснымі захворваннямі, як ВІЧ-інфекцыя, некаторымі формамі віруснага гепатыту і шэрагам іншых.*