§ 41. Біятэхналогія і яе роля ў развіцці чалавецтва ў XXI ст. Селекцыя мікраарганізмаў. Генетычная інжынерыя

Біятэхналогія — гэта атрыманне якіх-небудзь прадуктаў на аснове выкарыстання жывых арганізмаў, культур клетак і атрыманых з іх ферментаў. Біятэхналогія грунтуецца на дасягненнях генетычнай інжынерыі. Генетычная інжынерыя — гэта стварэнне новых камбінацый генаў шляхам аб'яднання фрагментаў ДНК у лабараторных умовах і атрыманне на гэтай аснове арганізмаў з зададзенымі ўласцівасцямі. У селекцыі мікраарганізмаў яна паспяхова выкарыстоўваецца сумесна з метадамі індуцыраванага мутагенезу для стварэння штамаў-прадуцэнтаў розных біялагічна актыўных рэчываў і іншых прадуктаў мікрабіялагічнай вытворчасці.