§ 41. Біятэхналогія і яе роля ў развіцці чалавецтва ў XXI ст. Селекцыя мікраарганізмаў. Генетычная інжынерыя
Дасягненні селекцыі ў развіцці чалавечага грамадства цяжка пераацаніць. Узнікнуўшы на світанку цывілізацыі як чыста практычная дзейнасць, селекцыя ператварылася ў навуку, дзякуючы якой чалавецтва паспяхова вырашала харчовую праблему на працягу апошніх стагоддзяў. Больш таго, інтэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі стала адной з галоўных асноў павелічэння колькасці насельніцтва Зямлі з 1 млрд у 1804 г. да 6 млрд у 1999 г. Прычым у другой палове ХХ ст. сельская гаспадарка свету развівалася пераважна за кошт укаранення ў практыку новых сартоў і парод.
У цяперашні час бурны рост насельніцтва працягваецца — ужо ў 2011 г. насельніцтва зямнога шара дасягнула 7 млрд чалавек. *Гэта стварае перад чалавецтвам няпростую праблему. З аднаго боку, рост насельніцтва Зямлі патрабуе ўсё больш харчовых рэсурсаў. З другога боку, чалавецтва ўсвядоміла, што пашыраць сельскагаспадарчыя тэрыторыі (што і адбывалася ў XIX—XX стст.) — значыць паставіць біясферу на мяжу катастрофы. Вырашыць гэту праблему павінна дапамагчы сучасная біятэхналогія.*
Што такое біятэхналогія. Як вы ўжо ведаеце, у ХХ ст. дзякуючы дасягненням селекцыі і іншых сельскагаспадарчых навук прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі істотна ўзрасла. Але другая палова дваццатага стагоддзя характарызуецца не толькі гэтым. Для атрымання неабходных чалавеку рэчываў у шырокіх маштабах сталі прымяняцца мікраарганізмы. З'явілася мікрабіялагічная прамысловасць, прадукты якой — антыбіётыкі, кармавыя дабаўкі, амінакіслоты, вітаміны і іншыя БАВ — сталі вырабляцца ў значных колькасцях. Па сваёй інтэнсіўнасці вытворчасць прадуктаў на аснове выкарыстання жывых арганізмаў стала набліжацца да чыста тэхналагічных працэсаў. У сукупнасці гэта прывяло да з'яўлення новага слова — біятэхналогія.
*Спачатку пад гэтым тэрмінам разумелі толькі ажыццяўляемыя ва ўмовах прамысловай вытворчасці працэсы, але потым гэта паняцце было пашырана. *Сучасная біятэхналогія — гэта атрыманне якіх-небудзь прадуктаў на аснове выкарыстання жывых арганізмаў, культур клетак і атрыманых з іх ферментаў. *У такой трактоўцы біятэхналогія ўключае жывёлагадоўлю, раслінаводства, усю мікрабіялагічную прамысловасць і вытворчасць рэчываў з выкарыстаннем ізаляваных клетак і малекул біялагічнага паходжання.*