§ 40. Селекцыя і яе роля ў жыцці чалавецтва

Селекцыя — навука пра стварэнне новых і ўдасканаленне ўжо існуючых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў. Парода, сорт, штам — гэта групы арганізмаў, якія былі выве­дзены і падтрымліваюцца чалавекам, і валодаюць карыснымі для людзей прыметамі. Асноўным метадам стварэння парод, сартоў і штамаў з’яўляецца штучны адбор. Яго сутнасць заключаецца ў правядзенні ў шэрагу пакаленняў выбару і размнажэння толькі тых арганізмаў, у якіх жаданыя ўласцівасці выяўлены ў найбольшай ступені. Новыя сарты і пароды ствараюцца шляхам скрыжавання (гібрыдызацыі) раслін ці жывёл з рознымі ўласцівасцямі. Для стварэння штамаў мікраарганізмаў шырока выкарыстоўваецца індуцыраваны мутагенез. Дзікія продкі культурных раслін — крыніца разнастайнасці генаў, патрэбных для сучаснай селекцыі.