§ 40. Селекцыя і яе роля ў жыцці чалавецтва

Узнікненне селекцыі. З гісторыі вы ведаеце, што першабытныя людзі на пэўным этапе свайго існавання перайшлі ад палявання і збіральніцтва да вырошчвання раслін і гадоўлі жывёл.

Замацаванню такога спосабу жыцця спрыяла перадача з пакалення ў пакаленне вопыту вядзення сельскай гаспадаркі. Сутнасць яго заключалася не толькі ў захаванні звестак пра спрыяльныя ўмовы для развіцця раслін і жывёл. Галоўным у такім вопыце было наступнае: пакідаць для размнажэння тыя арганізмы, якія ў найбольшай ступені адказвалі запытам чалавека. *Вобразна кажучы, клапатлівы гаспадар пакідаў для атрымання насення ці матэрыялу для вегетатыўнага размнажэння самыя лепшыя расліны. Сярод жывёл патомства  імкнуліся атрымаць ад тых, хто даваў больш малака, шэрсці, яек ці адрозніваўся больш спакойнымі паводзінамі.* Гэта прывяло да таго, што з часам расліны і жывёлы, якія вырошчваліся чалавекам, сталі моцна адрознівацца ад тых, што жылі ў дзікай прыродзе.

Апісаная вышэй дзейнасць людзей не была спецыяльна накіравана на стварэнне арганізмаў са змененымі ўласцівасцямі, тым не менш яна прывяла да з’яўлення культурных раслін і свойскай жывёлы. *Такі вынік з'яўляецца вынікам ужо вядомых вам з раздзела 6 найважнейшых уласцівасцей жывых арганізмаў — зменлівасці і спадчыннасці. Фактычна людзі ў той перыяд выкарыстоўвалі спадчынныя змяненні, якія ўзнікалі выпадкова, і спрыялі замацаванню іх шляхам адбору ў кожным пакаленні асобін, якія валодалі гэтымі змяненнямі.*

З развіццём чалавечага грамадства гэта дзейнасць не толькі не згасла, але і атрымала далейшае развіццё. З’явілася мноства дэкаратыўных раслін і свойскай жывёлы, якія задавольвалі не толькі матэрыяль­ныя, але і эстэтычныя патрэбнасці чалавека. Для іх вывядзення выкарыстоўваўся ўсё той жа адбор, але ў гэтым выпадку ён ужо ажыццяўляўся мэтанакіравана. Пэўныя асобіны адбіраліся ў залежнасці ад пажаданняў гаспадароў. Так з’явіліся вялізныя сенбернары і мініяцюрныя чыхуахуа (мал. 40.1), паштовыя галубы і няздольныя нармальна лятаць галубы-дутышы, цюльпаны і касачы з пялёсткамі разнастайных колераў і г. д. Паступова вывядзенне культурных раслін і свойскай жывёлы ператварылася ў асаблівую практычную дзейнасць, якая атрымала назву «селекцыя».