§ 40. Селекцыя і яе роля ў жыцці чалавецтва

*Значэнне зыходнага матэрыялу для селекцыі. Для паспяховага атрымання сартоў раслін з новымі ўласцівасцямі выкарыстоўваюць не толькі скрыжаванні паміж ужо існуючымі сартамі. У сучаснай селекцыі раслін паспяхова ўжываецца гібрыдызацыя культурных раслін з іх продкамі. Расліны, якія  растуць ў дзікай прыродзе, адрозніваюцца ад культурных раслін, што належаць да гэтага ж віду, значна большай разнастайнасцю. Сярод іх атрымліваецца знайсці асобіны, якія валодаюць каштоўнымі ў гаспадарчых адносінах прыметамі. Напрыклад, шляхам скрыжавання сартавой бульбы з дзікай былі атрыманы ўстойлівыя да некаторых захворванняў сарты бульбы.

Вучоным, які звярнуў увагу селекцыянераў на гэту крыніцу патрэбных селекцыянерам генаў, быў выдатны рускі генетык і селекцыянер М. І. Вавілаў. Вывучаючы флору розных рэгіёнаў свету і гісторыю развіцця земляробства, ён вызначыў месцы вырастання відаў раслін, ад якіх пайшлі асноўныя сельскагаспадарчыя культуры.

У гэтыя цэнтры паходжання культурных раслін былі арганізаваны экспедыцыі, задачай якіх быў пошук дзікарослых раслін, што валодаюць патрэбнымі селекцыянерам прыметамі. Першая калекцыя такіх раслін была створана М І. Вавілавым і яго калегамі пры Усесаюзным інстытуце раслінаводства (УІР) у г. Ленінградзе, потым падобныя калекцыі з'явіліся ў іншых краінах.*

*Стварэнне і падтрыманне такіх калекцый — гэта вялізная шматгадовая праца. Яна пачынаецца з экспедыцый спецыялістаў-батанікаў у цяжкадаступныя месцы праізрастання дзікарослых форм. Сабраны ў палявых умовах матэрыял класіфікуецца і падтрымліваецца ў жыццяздольным стане шляхам перыядычнага вырошчвання кожнага з сабраных узораў. Расліны з такіх калекцый аналізуюцца на наяўнасць і стан пэўных генаў. Атрыманая інфармацыя у далейшым выкарыстоўваецца селекцыянерамі пры планаванні работы па стварэнні сартоў з патрэбнымі характарыстыкамі.

Пачатая ў 30-е г. ХХ ст. праца па выкарыстанні генафонду дзікарослых продкаў культурных раслін бесперапынна працягваецца дзякуючы намаганням некалькіх пакаленняў генетыкаў-селекцыянераў. Многія з іх прысвяцілі гэтай справе ўсё сваё жыццё. Захаванне калекцыі УІР у блакадным Ленінградзе ў час Другой сусветнай вайны, а таксама ў гады забароны на правядзенне генетычных даследаванняў у СССР служыць прыкладам самаадданасці вучоных.*

*Увядзенне гібрыдызацыі дзікарослых форм з сучаснымі культурнымі раслінамі ў практыку селекцыйнай работы дазволіла ў другой палове ХХ ст. стварыць мноства новых сартоў. У цяпершні час, як працяг вучэння Вавілава, у свеце ажыццяўляюцца праекты па спецыяльнай ахове дзікарослых папуляцый продкаў культурных раслін.*