§ 40. Селекцыя і яе роля ў жыцці чалавецтва

Метады селекцыйнай работы ХХ ст. У залежнасці ад уласцівасцей арганізмаў, якія падлягаюць штучнаму адбору, адрозніваюць яго варыянты. Так, для вывядзення парод жывёл асноўным варыянтам з’яўляецца індывідуальны адбор. Яго сутнасць заключаецца ў скрыжаванні паміж сабой асобін, якія валодаюць патрэбнымі селекцыянеру прыметамі. Атрыманыя ў такіх скрыжаваннях патомкі аналізуюцца на наследаванне жаданых прымет, і сярод іх адбіраюцца пары для наступных скрыжаванняў.

У селекцыі раслін, акрамя індывідуальнага адбору, ужываюць масавы адбор. У гэтым выпадку насенне, атрыманае пасля штучнага апылення раслін, выбраных пры індывідуальным адборы, высейваюць на асобных дзялянках. Затым параўноўваюць выяўленасць пэўнай прыметы (напрыклад, ураджайнасць) у раслін, атрыманых пасля розных скрыжаванняў. Для наступнага этапу селекцыі выкарыстоўваюць насенне ўжо не асобных раслін, а ўсіх экзэмпляраў, вырашчаных на дадзенай дзялянцы. *Такі спосаб прымяняюць  для тых відаў раслін, для якіх немагчыма ажыццявіць вегетатыўнае размнажэнне напрыклад, аднагадовых злакааў.*

У селекцыйнай рабоце шырока выкарыстоўваюцца пэўныя метады скрыжавання (гібрыдызацыі) арганізмаў. На першапачатковых этапах вывядзення сартоў ці парод ажыццяўляюць міжпародную (ці міжсартавую) гібрыдызацыю. Яна называецца аўтбрыдынгам. Калі настае этап замацавання атрыманых новых прымет у патомстве, пераходзяць да інбрыдынгу — скрыжаванню ўнутры атрыманай невялікай групы. Інбрыдынг ужываецца і для захавання выведзенага сорту ці пароды.

Аўтбрыдынг і інбрыдынг уяўляюць сабой варыянты гібрыдызацыі арганізмаў, якія належаць да аднаго віду. Аднак у шэрагу выпадкаў магчыма і атрыманне патомства пры скрыжаванні асобін розных відаў. Такія скрыжаванні называюць аддаленай гібрыдызацыяй.

Атрыманае ў выніку аддаленай гібрыдызацыі патомства, як правіла, аказваецца бясплодным. Гэта звязана з тым, што ў клетках гібрыда прысутнічаюць два гаплоідныя наборы храмасом розных відаў жывых арга­нізмаў, а не дыплоідны набор храмасом аднаго віду, які складаецца з гамалагічных храмасом. З прычыны гэтага ў першым дзяленні меёзу парушаецца працэс кан’югацыі храмасом (успомніце § 19), *што і прыво­дзіць да фарміравання дэфектных па наборы храмасом палавых клетак. Таму атрыманне парод жывёл на аснове аддаленай гібрыдызацыі немагчымае*.

Аднак у селекцыі раслін існуе метад пераадолення бясплоддзя міжвідавых гібрыдаў. Як вам ужо вядома, у раслін, у адрозненне ад жывёл, паліплоідныя формы не толькі жыццяздольныя, але і, як правіла, валодаюць павышанай хуткасцю развіцця і росту, маюць большыя памеры і ўраджайнасць. Таму сутнасць метаду заключаецца ў штучным падваенні храмасомных набораў у клетках атрыманай пасля аддаленай гібрыдызацыі расліны. Гэта ажыццяўляецца шляхам апрацоўкі расліны *рэчывамі, якія парушаюць верацяно дзялення*. У выніку атрымліваюць паліплоід міжвідавога гібрыда. *У адрозненне ад аўтаполіплаідыі, пры якой кратна гаплоіднаму набору павялічваецца колькасць храмасом аднаго віду раслін, тут адбываецца алаплаідыя. У гэтым выпадку падвойваюцца гаплоідныя наборы двух розных відаў раслін, што знаходзяцца ў адной клетцы. Гэта і дае патрэбны вынік: у кожнай храмасомы з'яўляецца парная ёй гамалагічная храмасома, першае дзяленне меёзу праходзіць без парушэнняў, гібрыд нармальна ажыццяўляе насеннае размнажэнне.* Аднак для пераважнай большасці жывёл падваенне храмасомнага набору з’яўляецца лятальнай мутацыяй. Таму атрыманне парод жывёл на аснове аддаленай гібрыдызацыі немагчыма.