§ 40. Селекцыя і яе роля ў жыцці чалавецтва

Практычныя вынікі селекцыі. У канцы XIX — пачатку XX ст. дзякуючы развіццю прыродазнаўчых навук селекцыя аформілася ў асаблівы навуковы напрамак. У сучаснай трактоўцы селекцыя  *(ад лац. selectio — выбіраць)* — гэта навука пра стварэнне новых і ўдасканаленне ўжо існуючых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.

Парода, сорт, штам — гэта спецыяльна выведзеныя групы арганізмаў, якія валодаюць карыснымі для чалавека прыметамі. Такія групы мэтанакіравана падтрымліваюцца шляхам размнажэння, якое кантралюецца чалавекам.

Яркім прыкладам з’яўляецца развядзенне сабак розных парод. Для атрымання патомства, якое валодае пароднымі якасцямі, людзі спецыяль­на падбіраюць бацькоўскія пары, што і забяспечвае захаванне пароды. Пры адсутнасці кантролю за скрыжаваннем прыметы пароды, як правіла, не захоўваюцца. Узнікшае ў выніку свабоднага размнажэння патомства вядома ўсім як беспародныя сабакі — дварнякі. На гэтым прыкладзе бач­на, што ажыццяўляемы чалавекам адбор — гэта не толькі метад атрымання пароды, але і спосаб яе падтрымання і захавання.

Падобным чынам, за кошт унутрыпароднага скрыжавання, падтрымліваюцца пароды і іншых жывёл, якіх разводзіць чалавек. Сарты раслін у большасці выпадкаў падтрымліваюцца за кошт вегетатыўнага размнажэння. Як вам вядома, пры такім размнажэнні патомства цалкам захоўвае прыметы бацькоў. Штамы мікраарганізмаў таксама захоўваюцца дзякуючы характэрнаму для іх бясполаму размнажэнню.

Такім чынам, штучны адбор — выбар чалавекам найбольш каштоўных у гаспадарчых ці дэкаратыўных адносінах асобін для атрымання ад іх патомства з пажаданымі прыметамі і ўласцівасцямі. Штучны адбор з’яўляецца асноўным метадам атрымання сартоў, парод і штамаў.