§ 37. Генатыпічная зменлівасць

Да генатыпічнай (спадчыннай) зменлівасці належаць камбінатыўная і мутацыйная. Камбінатыўная зменлівасць абумоўлена ўзнікненнем у патомства новых спалучэнняў бацькоўскіх генаў. Крыніцамі камбінатыўнай зменлівасці з’яўляюцца кросінговер і незалежнае разыходжанне храмасом у меёзе, выпадковае зліццё гамет пры апладненні. Прычынай мутацыйнай зменлівасці з’яўляюцца наследуемыя змяненні генетычнага матэрыялу арганізмаў — мутацыі. Яны ўзнікаюць раптоўна, не ўтвараюць неперарыўных радоў зменлівасці, не маюць нормы рэакцыі, з’яўляюцца нявызначанымі (непрадказальнымі) і праяўляюцца індывідуальна. Паводле тыпу клетак, якія муціравалі, адрозніваюць генератыўныя і саматычныя мутацыі, паводле прычыны ўзнікнення — спантанныя і індуцыраваныя, паводле ўзроўню змянення генетычнага матэрыялу — генныя, храмасомныя і геномныя. У залежнасці ад выніку (значэння) для арганізма мутацыі бываюць лятальнымі, паўлятальнымі, нейтральнымі і карыснымі. Блізкароднасныя віды характарызуюцца падобнымі формамі спадчыннай зменлівасці, што абумоўлена агульнасцю іх генатыпаў. Спадчынная зменлівасць дастаўляе матэрыял для натуральнага адбору, забяспечваючы эвалюцыю жывой прыроды, і адыгрывае найважнейшую ролю ў селекцыйнай практыцы.