§ 37. Генатыпічная зменлівасць

Значэнне генатыпічнай зменлівасці. Спадчынная (генатыпічная) зменлівасць з’яўляецца галоўнай прычынай дзівоснай разнастайнасці жывых арганізмаў на Зямлі. Мутацыйная і камбінатыўная зменлі­васць спрыяюць з’яўленню новых спадчынных прымет і іх спалучэнняў і такім чынам абумоўліваюць узнікненне індывідуальных адрозненняў паміж асобінамі. Гэта ляжыць у аснове выжывання і размнажэння адных арганізмаў, больш адаптаваных да ўмоў навакольнага асяроддзя, і гібелі другіх, менш прыстасаваных. Іншымі словамі, спадчынная зменлівасць пастаўляе матэрыял для натуральнага адбору, што забяспечвае эвалюцыю жывой прыроды.

У той жа час мутацыйная і камбінатыўная зменлівасць спрыяюць узнікненню ў арганізмаў такіх прымет і іх камбінацый, якія выкарыстоўваюцца чалавекам пры вывядзенні новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў. Такім чынам, генатыпічная зменлівасць адыгрывае выключна важную ролю ў селекцыйнай рабоце.