§ 37. Генатыпічная зменлівасць

*Закон гамалагічных радоў спадчыннай зменлівасці. Важны ўклад у развіццё навукі пра спадчынную зменлівасць зрабіў вучоны М. І. Вавілаў. Шмат гадоў ён прысвяціў даследаванню культурных раслін і іх дзікіх продкаў, вывучыў тысячы сартоў. На аснове гэтых даследаванняў М. І. Вавілаў выявіў важную заканамернасць у праяўленні мутацый у роднасных відаў, вядомую як закон гамалагічных радоў спадчыннай зменлівасці. Сутнасць закона выяўляецца ў тым, што віды і роды, блізкія генетычна, звязаныя адзінствам паходжання, характарызуюцца падобнымі радамі спадчыннай зменлівасці. Ведаючы, якія формы зменлівасці сустракаюцца ў аднаго віду, можна прадбачыць знаходжанне падобных форм у роднасных яму відаў.

Хоць даследаванні М. І. Вавілава датычыліся зменлівасці раслін, сфармуляваны ім закон аказаўся ўніверсальным для жывой прыроды. У цяпершні час гамалагічныя рады мутацый выяўлены ў прадстаўнікоў самых розных груп арганізмаў. Прыкладамі могуць служыць выпадкі альбінізму ў розных пазваночных жывёл, прыроджанай формы цукровага дыябету, гемафіліі ці адсутнасці шэрсці ў розных відаў млекакормячых, чырвонай афарбоўкі зярнят ці адсутнасці асцюкоў у суквеццях злакаў і г. д. Узнікненне падобных мутацый у роднасых відаў абумоўлена блізкасцю іх генатыпаў. Пры гэтым, чым большая ступень эвалюцыйнай роднасці арганізмаў, тым большае падабенства назіраецца ў радах спадчыннай зменлівасці.

Закон М. І. Вавілава мае важнае значэнне для селекцыйнай практыкі і сельскай гаспадаркі, бо дазваляе прагназаваць пошук пэўных форм зменлівасці ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Ведаючы характар спадчыннай зменлівасці таго ці іншага віду, можна прадказваць, якія мутацыі павінны выяўляцца ў роднасных відаў. Дзякуючы закону гамалагічных радоў медыцына і ветэрынарыя атрымалі магчымасць пераносіць веды пра механізмы развіцця, ход і спосабы лячэння спадчынных захворванняў адных відаў (у прыватнасці, чалавека) на іншыя, блізкароднасныя.*