§ 34. Храмасомная тэорыя спадчыннасці

Даследаванні Т. Моргана і яго супрацоўнікаў леглі ў аснову храмасомнай тэорыі спадчыннасці, асноўнымі палажэннямі якой з’яўляюцца наступныя.
1. Гены ў храмасомах размешчаны лінейна, у пэўнай паслядоўнасці. Алельныя гены знаходзяцца ў аднолькавых локусах гамалагічных храмасом.
2. Гены, размешчаныя ў адной храмасоме, утвараюць групу счап­лення і наследуюцца разам. Колькасць груп счаплення роўна ліку пар храмасом.
3. Счапленне генаў можа парушацца ў выніку кросінговера, які адбываецца пры кан’югацыі гамалагічных храмасом у прафазе I меёзу.
4. Частата кросінговера прапарцыянальная адлегласці паміж генамі: чым большая адлегласць, тым вышэйшая частата кросінговера і наадварот.
5. За адзінку адлегласці паміж счэпленымі генамі прынята 1 марганіда (1 сантыморган, сМ). Гэта адлегласць, на якой кросінговер адбываецца з верагоднасцю 1 %.
Схемы ўзаемнага размяшчэння генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення, пабудаваныя з улікам адлегласцей паміж імі, называюць генетычнымі картамі храмасом. Такія карты выка­рыс­тоў­ваюцца ў навуковых даследаваннях і розных сферах практычнай дзейнасці чалавека.