§ 34. Храмасомная тэорыя спадчыннасці

Генетычныя карты. Як паказалі эксперыменты Т. Моргана, вынікі аналізуючага скрыжавання даюць магчымасць вызначаць частату кросін­говера паміж счэпленымі генамі і меркаваць пра адлегласць паміж імі *(за выключэннем тых рэдкіх выпадкаў, калі кросінговер адсутнічае)*. Выкарыстанне даных, атрыманых ад мноства аналізуючых скрыжаванняў з рознымі камбінацыямі счэпленых генаў, дазваляе вучоным састаўляць так званыя генетычныя карты (мал. 34.6).  Генетычная карта храмасомы — гэта схема ўзаемнага размяшчэння генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення, пабудаваная з улікам адлегласцей паміж імі. Такія карты ўжо састаўлены для чалавека і многіх другіх відаў жывых арга­нізмаў, напрыклад для мышы, дразафілы, гароху, пшаніцы, кукурузы, тамату, дражджэй і г. д.

Генетычныя карты знаходзяць шырокае ўжыванне ў навуковых даследаваннях і практычнай дзейнасці чалавека. Веданне генетычных карт дазваляе прадказваць характар наследавання тых ці іншых прымет. Выкарыстанне гэтых даных у селекцыі і генетычнай інжынерыі спрыяе планаванню работы па атрыманні арганізмаў з пэўнымі спалучэннямі прымет. Параўнанне генетычных карт розных відаў арганізмаў дае магчымасць вызначаць ступень іх роднасці, меркаваць пра магчымыя шляхі эвалюцыйных пераўтварэнняў спадчыннага матэрыялу.