*§ 33-1. Узаемадзеянне неалельных генаў

Многія прыметы жывых арганізмаў вызначаюцца ўзаемадзеяннем неалельных генаў. Асноўнымі тыпамі такога ўзаемадзеяння з'яўляюцца камплементарнасць, эпістаз і полімерыя. Пры камплементарнам дзеянні дамінантныя гены розных алеляў разам абумоўліваюць з'яўленне новай прыметы, якая не вызначалася ні адным з гэтых генаў паасобку. У выпадку эпістаза ген адной алелі (эпістатычны ген) падаўляе праяўленне генаў другой алельнай пары. У залежнасці ад таго, дамінантным або рэцэсіўным з'яўляецца эпістатычны ген, адрозніваюць дамінантны і рэцэсіўны эпістаз. Полімерыя заключаецца ў тым, што гены двух або больш алеляў выяўляюцца падобна, вызначаючы развіццё адной і той жа прыметы. Пры кумулятыўнай полімерыі ступень праявы дамінантнай прыметы залежыць ад колькасці дамінантных генаў, пры некумулятыўнай наяўнасць нават аднаго дамінантнага гена вядзе да поўнай праявы дамінантнай прыметы.