*§ 33-1. Узаемадзеянне неалельных генаў

Полімерыя — узаемадзеянне, пры якім гены двух ці больш  алеляў праяўляюцца падобным чынам, вызначаючы развіццё адной і той жа прыметы. У выпадку полімерыі неалельныя гены, якія кантралююць тую ці іншую прымету (палімерныя гены), прынята абазначаць аднолькавымі літарамі з лічбавымі індэксамі. Пры гэтым гены кожнай алельнай пары маюць аднолькавы індэкс. Напрыклад: А1, а1 — дамінантны і рэцэсіўны алелі першай пары генаў, А2, а2 — другой пары і г. д. Вядомыя дзве разнавіднасці полімерыі.

Пры некумулятыўнай полімерыі дамінантная прымета выяўляецца ў поўнай меры пры наяўнасці ў генатыпе хаця б аднаго дамінантнага гена. Іншымі словамі, колькасць дамінантных генаў не ўплывае на ступень выяўленасці прыметы. Так, у стрэлак форма пладоў вызначаецца дзвюма парамі палімерных генаў. Пры гэтым рэцэсіўная прымета — авальныя плады — выяўляецца толькі ў раслін, якія маюць генатып а1а1а2а2. Калі ў генатыпе прысутнічае хаця б адзін дамінантны ген (няважна, які менавіта — А1 ці А2), расліна валодае дамінантнай прыметай — пладамі трохвугольнай формы.

Скрыжаванне дамінантнай і рэцэсіўнай дыгомазігот (мал. 33-1.3) прыводзіць да з'яўлення ў першым пакаленні дыгетэразіготных гібрыдаў з трохвугольнымі пладамі (А1а1А2а2). У другім пакаленні назіраецца расшчапленне ў суадносінах 15 1.

У выпадку кумулятыўнай полімерыі ступень выяўленасці дамінантнай прыметы вызначаецца колькасцю дамінантных генаў у генатыпе. Чым больш такіх генаў, тым мацней выяўляецца дадзеная прымета. Напрыклад, у пшаніцы пэўных сартоў афарбоўка зярнят кантралюецца трыма парамі неалельных генаў. Расліны з генатыпам а1а1а2а2а3а3 маюць белыя зярняты, а тыя, што валодаюць генатыпам А1А1А2А2А3А3, — цёмна-чырвоныя. У раслін з іншымі генатыпамі назіраюцца розныя прамежкавыя варыянты афарбоўкі, што залежаць ад ліку дамінантных генаў. Так, наяўнасць у генатыпе толькі аднаго дамінантнага гена абумоўлівае бледна-ружовы колер зярнят, двух — ружовы, трох — светла-чырвоны і г. д.

Вызначана, што па тыпе кумулятыўнай полімерыі наследуюцца многія колькасныя прыметы арганізмаў: рост чалавека, колер яго скуры (г. зн. колькасць меланіну), яйцаноскасць курэй, малочнасць кароў, утрыманне цукрозы ў караняплодах цукровых буракоў, бялкоў у эндасперме насення траў і інш.

Некаторыя гены, якія не маюць уласнага фенатыпічнага праяўлення, здольныя ўзмацняць ці, наадварот, аслабляць (у адрозненне ад эпістазу не прыгнятаючы цалкам) праяўленне іншых неалельных генаў. Такія гены называюць мадыфікатарамі, а іх дзеянне — мадыфікуючым. Напрыклад, у кошак чорны колер шэрсці дамінуе над белым. Гетэразіготныя асобіны валодаюць чорнай афарбоўкай, але, як правіла, адзін ці некалькі участкаў іх шэрсці мае белы колер. Колькасць і памер такіх участкаў залежаць ад адпаведных генаў-мадыфікатараў. У шэрых мышэй падобным чынам вызначаецца памер белай плямы на брушку. Мяркуецца, што ў чалавека колер радужнай абалонкі вачэй кантралюецца як мінімум шасцю парамі генаў. Пры гэтым разам з «асноўнымі» генамі, якія вызначаюць карыя і блакітныя вочы, істотны ўплыў на афарбоўку радужкі аказваюць гены-мадыфікатары. Іх дзеянне прыводзіць да з'яўлення разнастайных адценняў — ад светла-шэрага ці светла-блакітнага да практычна чорнага.