*§ 33-1. Узаемадзеянне неалельных генаў

Эпістаз — тып узаемадзеяння, пры якім ген адной алелі прыгнятае праяўленне генаў другой алельнай пары. Такія гены, якія блакіруюць фенатыпічнае праяўленне іншых неалельных генаў, называюцца эпістатычнымі, генамі-інгібітарамі ці супрэсарамі. Гены, якія прыгнятаюцца, у сваю чаргу, атрымалі назву гіпастатычных. У залежнасці ад таго, дамінантным ці рэцэсіўным з'яўляецца ген-інгібітар, адрозніваюць дамінантны і рэцэсіўны эпістаз.

Прыкладам дамінантнага эпістазу можа служыць узаемадзеянне двух алеляў, якія вызначаюць масць (афарбоўку) коней. Так, дамінантны ген адной алельнай пары (А) абумоўлівае варанýю (чорную) масць каня, а рэцэсіўны ген (а) — рыжую. Аднак гэтыя гены могуць выявіцца фенатыпічна толькі пры адсутнасці ў генатыпе каня дамінантнага гена іншай алелі — інгібітару (I). Пры наяўнасці інгібітару праяўленне генаў вараной і рыжай масці прыгнятаецца. У разглядаемым прыкладзе ген-супрэсар мае ўласнае фенатыпічнае праяўленне: у выпадку яго прысутнасці ў асобін развіваецца шэрая афарбоўка.

Разгледзім скрыжаванне дыгетэразіготных коней (мал. 33-1.2). Яны маюць шэрую масць, што абумоўлена наяўнасцю ў генатыпе дамінантнага гена-супрэсара (I). У патомства ад скрыжавання назіраецца расшчапленне 12 : 3 : 1. Усе асобіны, якія змяшчаюць у генатыпе эпістатычны ген (9AI— і 3aaI—), наследуюць шэрую масць. У жарабят, якія не маюць гена I, выяўляецца вараная або рыжая афарбоўка ў суадносінах 3 вараныя (3Aii) да 1 рыжай (1aaii).

Калі ген-супрэсар з'яўляецца рэцэсіўным, то ўзаемадзеянне неалельных генаў працякае па тыпе рэцэсіўнага эпістазу (крыптамерыі). Такое ўзаемадзеянне назіраецца, напрыклад, пры наследаванні колеру насення фасолі. У гэтай расліны чырвоная афарбоўка насення (А) дамінуе над жоўта-карычневай (а). Праяўленне рэцэсіўнага інгібітару (i) вядзе да блакіравання дзеяння генаў чырвонай і жоўта-карычневай афарбоўкі, і насенне аказваецца белым. Аднак дзеянне рэцэсіўнага эпістатычнага гена можа выявіцца толькі пры адсутнасці ў генатыпе адпаведнага яму дамінантнага алеля (I). У выпадку наяўнасці такога гена дзеянне супрэсара прыглушаецца. Так, скрыжаванне дыгетэразіготных раслін фасолі прыводзіць да расшчаплення сярод нашчадкаў у суадносінах:   з чырвоным насеннем,  з жоўта-карычневымі і  з белымі.

Эпістаз назіраецца пры наследаванні многіх прымет жывых арганізмаў. Пры розных формах эпістазу і розных асаблівасцях праяўлення генаў расшчапленне ў патомстве ад скрыжавання дыгетэразіготных асобін можа складаць  13 : 3,  12 : 3 : 1 або 9 : 3 : 4.

У чалавека апісаны так званы «бамбейскі феномен». Сутнасць яго заключаецца ў тым, што ў некаторых людзей, якія маюць у генатыпе ген IA ці IB, фенатыпічна выяўляецца першая (0) група крыві. Было вызначана, што ў аснове гэтай з'явы ляжыць рэцэсіўны эпістаз. Дадзеныя людзі аказаліся гомазіготнымі па рэдкім рэцэсіўным гене, што парушае сінтэз антыгенаў А і В. Таму незалежна ад спалучэння генаў, якія вызначаюць групу крыві па сістэме АВ0, эрытрацыты такіх людзей не змяшчаюць антыгенаў А і В.