§ 32. Узаемадзеянне алельных генаў. Аналізуючае скрыжаванне

Асноўнымі тыпамі ўзаемадзеяння алельных генаў з’яўляюцца поўнае дамінаванне, няпоўнае дамінаванне і кадамінаванне. Пры поўным дамінаванні дамінантны алель цалкам прыгнятае праяўленне рэцэсіўнага, у выніку чаго гетэразіготы валодаюць дамінантнай прыметай. У выпадку няпоўнага дамінавання ў гетэразігот праяўляецца прымета, прамежкавая паміж дамінантнай і рэцэсіўнай. Пры кадамінаванні алельныя гены раўнацэнна ўдзельнічаюць у фарміраванні якасна новай прыметы ў гетэразіготнай асобіны. Існаванне гена больш чым у дзвюх алельных формах называюць множным алелізмам. Аналізуючае скрыжаванне — гэта скрыжаванне асобіны, якая мае дамінантны фенатып, з гомазіготнай рэцэсіўнай асобінай. Па яго выніках можна вызначыць генатып асобіны, якая аналізуецца.