§ 32. Узаемадзеянне алельных генаў. Аналізуючае скрыжаванне

*Лятальнае дзеянне генаў. У шэрага арганізмаў выяўлены гены, якія ў гомазіготным стане выклікаюць парушэнні індывідуальнага развіцця, што прыводзяць да гібелі асобін на ранніх этапах антагенезу (часцей за ўсё ў эмбрыянальным перыядзе). Такія гены называюцца лятальнымі.

Напрыклад, у мышэй лятальным дзеяннем валодае дамінантны ген Y, які  вызначае жоўты колер шэрсці. Рэцэсіўны ген y абумоўлівае шэрую афарбоўку. Гомазіготныя эмбрыёны з генатыпам YY гінуць яшчэ да нараджэння, а гетэразіготныя мышаняты Yy з'яўляюцца жыццяздольнымі і маюць жоўтую шэрсць. Таму пры скрыжаванні жоўтых мышэй (яны могуць быць толькі гетэразіготамі) у патомства назіраецца расшчапленне  2 жоўтыя : 1 серая, а не 3 : 1 (мал. 32.3).

У карпа лятальнае дзеянне мае ген, які вызначае недаразвіццё лускі. Гомазіготныя асобіны гінуць да выхду з ікрынак, а гетэразіготныя выжываюць. Такія карпы маюць луску толькі на бакавой лініі цела, таму іх называюць лінейнымі. Дзеянне лятальнага гена, які абумоўлівае пакарачэнне дзюбы ў курэй, прыводзіць да таго, што гомазіготныя кураняты аказваюцца няздольнымі вылупіцца з яек. Дзюба гэтых куранят такая малая, што яны не могуць прабіць шкарлупінне, таму гінуць. У чалавека вядомы дамінантны ген, які выклікае ў гомазіготных эмбрыёнаў несумяшчальныя з жыццём парушэнні развіцця шкілета. Гетэразіготныя арганізмы выжываюць, у гэтых людзей назіраецца пакарачэнне сярэдніх фалангаў пальцаў — брахідактылія.*

*Некаторыя гены валодаюць плэятропным (множным) дзеяннем, г. зн. кантралююць не адну прымету, а некалькі. З'ява плэятрапіі тлумачыцца тым, што адзін і той жа бялок — прадукт такога гена — можа ўваходзіць у састаў розных тканак і (ці) удзельнічаць у  розных біяхімічных працэсах.

Напрыклад, у чалавека рэцэсіўны ген, які абумоўлівае рыжы колер валасоў, таксама вызначае з'яўленне вяснушак і больш светлую, чым у іншых людзей, афарбоўку скуры. Дамінантны ген, што выклікае развіццё анамальна доўгіх пальцаў кісцей і ступняў («павуковых пальцаў»), абумоўлівае дэфект крышталіка вока, парокі сэрца і некаторыя іншыя прыметы. Адзін з генаў дразафілы, які кантралюе белую афарбоўку вачэй, прыводзіць таксама да зніжэння пладавітасці асобін. У аўса адзін і той жа ген вызначае даўжыню асцюкоў і афарбоўку лускі зярнявак.*