§ 32. Узаемадзеянне алельных генаў. Аналізуючае скрыжаванне

Множны алелізм. Афарбоўка насення гароху, наследаванне якой вывучаў Г. Мендэль, вызначаецца двума алелямі — дамінантным і рэцэсіўным. Аднак многія гены прадстаўлены не двума, а большым лікам алеляў. Напрыклад, ген, які вызначае ў чалавека групы крыві (па сістэме АВ0), як ужо адзначалася, існуе ў трох формах — IA, IB, I0.

З’ява існавання гена больш чым у дзвюх алельных формах называецца множным алелізмам. Пры гэтым у любога арганізма, саматычныя клеткі якога змяшчаюць дыплоідный набор храмасом, ёсць не больш за два алелі кожнага гена.

Множныя алелі нярэдка ўтвараюць серыі, у якіх кожны папярэдні алель дамінуе ў адносінах да наступных. Так, ген, які вызначае колер шэрсці труса, прадстаўлены некалькімі алельными формамі (мал. 32.3). Пры гэтым алель с, які абумоўлівае чорную афарбоўку, дамінуе над алелямі шыншылавай (сch), гімалайскай (сh) і белай (са) афарбоўкі. Ген, які кантралюе шыншылавую афарбоўку, дамінуе над генамі, што вызначаюць гімалайскую і белую. І нарэшце, алель сh дамінантны ў адносінах да алеля са. Гэта можна паказаць у выглядзе: С > сch > сh > са. Падобным чынам узаемадзейнічаюць гены, якія кантралююць афарбоўку вачэй у пладовай мушкі дразафілы (чырвоная > каралавая > вішнёвая > абрыкосавая і г. д. да белай), форму белых плям на лістах канюшыны паўзучай і інш.