§ 30. Монагібрыднае скрыжаванне. Першы і другі законы Мендэля

Генетыка вывучае спадчыннасць і зменлівасць арганізмаў. Асноўныя заканамернасці наследавання прымет упершыню выявіў Г. Мендэль у сярэдзіне XIX ст. Вывучаючы наследаванне адной пары альтэрнатыўных прымет і выкарыстоўваючы гібрыда­лагічны метад, ён вызначыў, што пры скрыжаванні асобін чыстых ліній, якія адрозніваюцца па адной пары альтэрнатыўных прымет, гібрыды першага пакалення з’яўляюцца аднастайнымі па дамінантнай прымеце (закон аднастайнасці гібрыдаў першага пакалення, ці першы закон Мендэля). Пры скрыжаванні гібрыдаў першага пакалення паміж сабой у другім пакаленні адбываецца расшчапленне па альтэрнатыўных прыметах у суадносінах: 3 часткі асобін з дамінантнай прыметай да 1 часткі асобін з рэцэсіўнай прыметай (закон расшчаплення, ці другі закон Мендэля).