§ 30. Монагібрыднае скрыжаванне. Першы і другі законы Мендэля
Заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці арганізмаў вывучае генетыка. Арсенал гэтай навукі ўключае разнастайныя метады даследаванняў, адным з якіх з’яўляецца гібрыдалагічны. Ён заснаваны на скрыжаванні арганізмаў, якія адрозніваюцца па альтэрнатыўных прыметах, з наступным аналізам гэтых прымет у атрыманага патомства. Альтэрнатыўнымі называюць прыметы, якія ўзаемна выключаюць адна адну і ў норме не могуць прысутнічаць у арганізма адначасова (рэзус-дадатнасць і рэзус-адмоўнасць у чалавека, жоўтая і зялёная афарбоўка насення гароху і г. д.). Скрыжаванне арганізмаў называецца гібрыдызацыяй, а патомкі ад скрыжавання бацькоўскіх асобін, якія адрозніваюцца па адной ці больш парах альтэрнатыўных прымет, — гібрыдамі.
Для запісу скрыжаванняў ужываецца наступная сімволіка:
Р — бацькі (ад лац. parentale — бацькоўскі);
♀ — жаночая асобіна; ♂ — мужчынская асобіна; G — гаметы;
F — патомства (ад лац. filiale — даччыны) з адпаведнымі індэксамі пакаленняў: F1, F2, F3 і г. д.;
значок «×» абазначае скрыжаванне.
Вывучэнне спадчыннасці Г. Мендэлем. Асноўныя заканамернасці наследавання прымет упершыню выявіў выдатны аўстрыйскі даследчык Г. Мендэль у сярэдзіне XIX ст. Для таго каб высветліць, як наследуюцца асобныя пары альтэрнатыўных прымет, ён прымяніў гібрыдалагічны метад. Варта адзначыць удалы выбар Г. Мендэлем аб’екта даследаванняў. Ім стаў гарох пасяўны — непатрабавальная расліна, якая лёгка культывуецца і прыносіць шматлікае патомства. З мноства сартоў гароху Г. Мендэль выбраў тыя, якія выразна адрозніваліся па сямі парах альтэрнатыўных прымет (мал. 30.1).
Гарох — самаапыляльная расліна, таму асобіны размнажаюцца «ў чысціні» — не скрыжоўваюцца з іншымі асобінамі. Важна тое, што Г. Мендэль правяраў «чысціню» кожнага сорту і выкарыстоўваў для правядзення скрыжаванняў толькі тыя расліны, якія ў шэрагу пакаленняў захоўвалі прыметы бацькоўскіх форм. Такія групы арганізмаў прынята называць чыстымі лініямі.
Яшчэ адной важнай асаблівасцю даследаванняў Г. Мендэля было тое, што ён вёў дакладны ўлік колькасці патомкаў, якія наследавалі тыя ці іншыя бацькоўскія прыметы. Гэта дазволіла Г. Мендэлю вызначыць колькасныя заканамернасці наследавання прымет.