§ 30. Монагібрыднае скрыжаванне. Першы і другі законы Мендэля

Монагібрыднае скрыжаванне. Закон аднастайнасці гібрыдаў першага пакалення. У ходзе даследаванняў Г. Мендэль спачатку скрыжоўваў расліны чыстых ліній, якія адрозніваліся па адной пары альтэрнатыўных прымет, затым па дзвюх і г. д. Скрыжаванне, пры якім бацькоўскія арганізмы адрозніваюцца адзін ад аднаго па адной пары альтэрнатыўных прымет, называецца монагібрыдным.

У адным з эксперыментаў Г. Мендэль вывучаў наследаванне афарбоўкі насення гароху. Ён скрыжоўваў расліны, якія выраслі з насення жоўтага колеру, з раслінамі, што выраслі з зялёных гарошын. Для таго каб прадухіліць самаапыленне, Г. Мендэль у раслін аднаго сорту выдаляў у кветках тычынкі, у другога — песцікі і праводзіў гібрыдызацыю шляхам штучнага апылення. Высвятлілася, што ўсе гібрыдныя расліны першага пакалення мелі насенне жоўтага колеру (мал. 69). Пры гэтым было няважна, як выкарыстоўваліся бацькоўскія расліны, якія выраслі з жоўтых гарошын, — у якасці мацярынскіх ці бацькоўскіх. Гібрыды першага пакалення ў любым выпадку былі аднастайнымі па жоўтай афарбоўцы насення:

Р: ♀ жоўтае насенне × ♂ зялёнае насенне (або ♀ зялёнае насенне × ♂ жоўтае насенне)

F1: усе расліны маюць жоўтае насенне.

Пры скрыжаванні раслін, якія адрозніваліся па іншых парах альтэрнатыўных прымет, напрыклад па форме пладоў ці афарбоўцы кветак, Г. Мендэль заўважыў, што ва ўсіх выпадках у гібрыдаў першага пакалення праяўлялася толькі адна з дзвюх альтэрнатыўных прымет. З’ява перавагі адных прымет над другімі была названа дамінаваннем, а прыметы, якія пераважаюць, — дамінантнымі. Прыметы, якія не праяўляліся ў гібрыдаў першага пакалення, прынята называць рэцэсіўнымі.

Адкрытая Г. Мендэлем заканамернасць носіць назву закона аднастайнасці гібрыдаў першага пакалення ці першага закона Мендэля. Паводле гэтага закона пры скрыжаванні асобін чыстых ліній, якія адрозніваюцца па адной пары альтэрнатыўных прымет, гібрыды першага пакалення будуць аднастайнымі па дамінантнай прымеце.