§ 53. Фактары эвалюцыі чалавека. Чалавечыя расы. Эвалюцыя чалавека на сучасным этапе
На пачатковых этапах антрапагенезу вядучую ролю ў эвалюцыі чалавека адыгрывалі біялагічныя фактары, якія спрыялі фарміраванню яго морфафізіялагічных асаблівасцей. Разам з тым узмацнялася і з цягам часу выйшла на першы план дзеянне сацыяльных фактараў, накіраваных на ўдасканаленне адносін паміж людзьмі. Усе людзі, якія жывуць зараз, належаць да віду Чалавек разумны, у межах якога выдзяляюць тры асноўныя расы: еўрапеоідную, мангалоідную і негроідную. Адрозненні паміж расамі нязначныя, яны сфарміраваліся ў ходзе антрапагенезу ў выніку геаграфічнай ізаляцыі. Усе расы знаходзяцца на адным узроўні эвалюцыйнага развіцця і з’яўляюцца раўнацэннымі. На сучасным этапе эвалюцыя чалавека не накіравана на з’яўленне новага віду, вядучую ролю ў антрапагенезе адыгрываюць сацыяльныя фактары.