§ 53. Фактары эвалюцыі чалавека. Чалавечыя расы. Эвалюцыя чалавека на сучасным этапе

Асаблівасці эвалюцыі чалавека на сучасным этапе. Для сучаснага этапу эвалюцыі чалавека характэрна істотнае аслабленне дзеяння натуральнага адбору. Чалавек абараніў сябе ад многіх неспрыяльных фактараў асяроддзя, таму неабходнасць з’яўлення новага, больш дасканалага віду, адпала. З часу з’яўлення краманьёнцаў аблічча людзей амаль не змянілася — яно падтрымліваецца стабілізуючай формай натуральнага адбору. Такім чынам, у адносінах да чалавека натуральны адбор страціў відаўтваральную ролю.

Аднак у межах віду эвалюцыя працягваецца і ў цяперашні час. Так, рухаючы адбор накіраваны на ўдасканаленне імунітэту чалавека, на запавольванне працэсаў старэння і павелічэнне працягласці жыцця *(гэты працэс называецца рэтардацыяй)*. Назіраецца павелічэнне росту, памяншэнне масіўнасці шкілета і павышэнне стройнасці людзей *(грацылізацыя)*, паскараюцца тэмпы фізічнага і палавога развіцця *(акселерацыя)*.

На нашай планеце амаль не засталося малаколькасных і ізалява­ных чалавечых папуляцый. У сувязі з гэтым дзеянне дрэйфу генаў і хваль жыцця на папуляцыі чалавека істотна знізілася. Ізаляцыя, якая адыгрывала важную ролю ў антрапагенезе і прывяла да фарміравання рас, у цяперашні час практычна страціла эвалюцыйнае значэнне ў адносінах да чалавека. Наадварот, у сучасным свеце расце роля міграцый. У выніку гэтага паміж чалавечымі папуляцыямі ўзмацніўся паток генаў, што вядзе да змешвання народаў і рас. Гэтаму спрыяе таксама знік­ненне саслоўных, нацыянальных, расавых і іншых сацыяльных бар’ераў.

Мутацыйная зменлівасць на сучасным этапе захоўвае сваё значэнне ў антрапагенезе. Мутацыі ўзбагачаюць папуляцыі людзей новымі прыметамі, многія (і не толькі карысныя) перадаюцца наступным пакаленням. У апошнія гады ў шэрагу рэгіёнаў назіраецца рост мутагенезу. Гэта звязана, перш за ўсё, з хімічным і радыеактыўным забруджваннем нава­кольнага асяроддзя.

Як ужо адзначалася, на сучасным этапе вядучую ролю ў развіцці чалавецтва адыгрываюць сацыяльныя фактары. Дзеянне многіх біялагічных фактараў (барацьбы за існаванне, натуральнага адбору, дрэйфу генаў, папуляцыйных хваль, ізаляцыі) у значнай ступені аслабела. Аднак мутацыі і паток генаў у цяперашні час істотна ўплываюць на генафонд папуляцый Чалавека разумнага.