§ 47. Вынікі эвалюцыі

Відаўтварэнне. Папуляцыі таго ці іншага віду існуюць у неаднолькавых умовах асяроддзя. У кожнай з іх па-рознаму праяўляюцца мутацыйная і камбінатыўная зменлівасць, папуляцыйныя хвалі і дрэйф генаў. Гэта вядзе да таго, што пад дзеяннем натуральнага адбору розныя папуляцыі эвалюцыяніруюць у розных напрамках. Разам з тым папуляцыі з’яўляюцца генетычна адкрытымі сістэмамі, паколькі ў выніку міграцыі асобін паміж імі ажыццяўляецца паток генаў. Пакуль гэты паток існуе, від застаецца адзіным і цэласным. Аднак узнікненне любой формы ізаляцыі (геаграфічнай ці біялагічнай) прыводзіць да раз’яднання папуляцый ці іх частак і ўзмацнення генетычных адрозненняў паміж імі. З прычыны гэтага ізаляваныя папуляцыі паступова становяцца расамі, а затым — падвідамі. З цягам часу паміж падвідамі могуць узнікаць істотныя адрозненні ў будове храмасом ці нават у іх колькасці. У выніку гэтага асобіны губляюць магчымасць даваць жыццяздольнае і пладавітае патомства нават у выпадку скрыжавання адна з адной, г. зн. пры знік­ненні ранейшай ізаляцыі. Гэта азначае, што адбылося відаўтварэнне, і падвіды ператварыліся ў генетычна закрытыя сістэмы — самастойныя віды.

Такім чынам, відаўтварэнне гэта эвалюцыйнае ператварэнне ге­не­тычна адкрытых сістэм — папуляцый у генетычна закрытыя сіс­тэмы — новыя віды. З пазіцый СТЭ сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія працякаюць у папуляцыях, суправаджаюцца змяненнем іх генафонду і ў канчатковым выніку могуць прывесці да ўтварэння новых відаў, разглядаюць як мікраэвалюцыю. Значыць, утварэнне відаў з’яўляецца асноўным вынікам мікраэвалюцыі. Перадумовамі відаўтварэння, як і эвалюцыі ў цэлым, з’яўляюцца элементарныя эвалюцыйныя фактары, а рухаючымі сіламі — барацьба за існаванне і натуральны адбор. Па такім жа прынцыпе (пад дзеяннем тых жа перадумоў і рухаючых сіл) на аснове відаў узнікаюць надвідавыя сістэматычныя групы — роды, сямействы і г. д. Гэты працэс называецца макраэвалюцыяй.

У залежнасці ад зыходнай формы ізаляцыі, якая прывяла да раз’яднання папуляцый, адрозніваюць два спосабы відаўтварэння: алапатрычнае і сімпатрычнае.

Алапатрычнае (ад грэч. allos — розны, patris — радзіма) відаўтварэнне ажыццяўляецца на аснове геаграфічнай ізаляцыі, г. зн. прасторавага раз’яднання папуляцый. Такім чынам, фарміраванне з гэтых папуляцый рас і падвідаў адбываецца на розных тэрыторыях. Таму, калі алапатрычнае відаўтварэнне завяршаецца, утвораныя віды займаюць розныя арэалы.

Прыкладам алапатрычнага відаўтварэння можа служыць узнікненне роднасных відаў ландыша з аднаго зыходнага, які рос у лясах Еўразіі некалькі мільёнаў гадоў таму. З прычыны змянення клімату арэал гэтага віду быў працяглы час падзелены ледавікамі на некалькі частак, што і прывяло ў выніку да фарміравання новых відаў. Падобным чынам, з прычыны геаграфічнай ізаляцыі, у розных раёнах Паўночнай Амерыкі ўтварыліся тры падвіды плямістай кугакаўкі (птушка сямейства Савіныя) і два падвіды амерыканскай вавёркі.

Сімпатрычнае (ад грэч. syn — разам, patris — радзіма) відаўтварэнне абумоўлена біялагічнай ізаляцыяй (успомніце, якія яе віды вам вядомыя). Пры такім спосабе відаўтварэння ўзнікненне новых рас і падвідаў адбываецца на агульнай тэрыторыі. Таму арэалы відаў, якія ўтвараюцца, першапачаткова перакрываюцца ці цалкам супадаюць. Так, пры пражыванні ў адных і тых жа лясах асобіны адных папуляцый чорнага дразда аддаюць перавагу глухім участкам, а другіх, наадварот, трымаюцца бліжэй да ўскраін лесу. Гэта стала прычынай таго, што ў цяперашні час від чорны дрозд распадаецца на два падвіды. З прычыны разліваў Волгі ў пойменных лугах гэтай ракі ўтварыліся па два віды жытняку, мяшэю і некаторых іншых злакаў. У адных відаў цвіценне і плоданашэнне адбываецца да разліву, у другіх — пасля яго.

*Сімпатрычнае відаўтварэнне можа адбывацца ў выніку аўтаполіплаідыі ці аддаленай гібрыдызацыі. Такая з'ява назіраецца пераважна ў раслін. Напрыклад, род Хрызантэма прадстаўлены некалькімі відамі, прычым усе яны маюць колькасць храмасом, кратную 9: 18, 27, 36, 45 ... 90. Хутчэй за ўсё, гэтыя віды ўзніклі з аднаго зыходнага у выніку павелічэння колькасці храмасом, кратнай гаплоіднаму набору. Падобным чынам, відаць, у прыродзе ўтварыліся і віды тытуню з наборамі 24, 48 і 72 храмасом.

Аддаленая гібрыдызацыя можа прыводзіць да з'яўлення новых відаў у выпадках, калі скрыжаванне арганізмаў, што належаць да розных відаў, суправаджаецца наступным падваеннем храмасом у гібрыдаў (з'ява алаплаідыі). Калі ж гэтага не адбываецца, вельмі вялікая імавернасць таго, што атрыманыя міжвідавыя гібрыды акажуцца бясплоднымі (успомніце чаму). Прыкладам узнікнення новага віду на аснове аддаленай гібрыдызацыі ў спалучэнні з алаплаідыяй можа быць утварэнне звычайнай слівы (2n = 48) у выніку скрыжавання цёрну (2n = 32) з алычой (2n = 16) і наступнага падваення храмасом. Такім жа чынам узнік від мята перачная (прыродны гібрыд мяты вадзяной і мяты коласападобнай) і рабінакізільнік Пазнякова, які бярэ пачатак ад рабіны і кізільніку.*