§ 47. Вынікі эвалюцыі

Адаптацыі і іх адносны характар. Як ужо адзначалася, пад дзеяннем натуральнага адбору ў папуляцыях выбіральна захоўваюцца і ўзнаў­ляюцца генатыпы і фенатыпы, якія абумоўліваюць прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў, у якіх яны жывуць. Таму заканамерным вынікам эвалюцыйнага працэсу з’яўляецца ўзнікненне адаптацый — прыстасаванняў, якія спрыяюць выжыванню і размнажэнню арганізмаў у іх асяроддзі пражывання. Сярод адаптацый можна вылучыць марфалагічныя, фізіялагічныя, эталагічныя і інш.

Асаблівасці знешняй будовы жывых арганізмаў, якія абумоўліваюць іх прыстасаванасць да фактараў асяроддзя, называюць марфалагічнымі адаптацыямі. Прыкладамі могуць служыць розныя прыстасаванні, якія забяспечваюць перамяшчэнне і распаўсюджванне арганізмаў (плаўнікі, крылы, абцякальная форма цела, вырасты на паверхні пладоў і насення, якія спрыяюць іх пераносу ветрам), здабыванне корму (шчупальцы кішачнаполасцевых і галаваногіх малюскаў, дзюбы рознай формы ў птушак). Існуюць марфалагічныя адаптацыі, якія спрыяюць размнажэнню (знешнія адрозненні самцоў і самак — палавы дымарфізм, адпаведнасць будовы кветак іх апыляльнікам) ці забяспечваюць ахову. Так, ахоўнымі прыстасаваннямі з’яўляюцца панцыры членістаногіх і чарапах, ракавіны малюскаў, калючкі раслін, ахоўная (мал. 47.1) ці папярэджвальная афарбоўка жывёл (мал. 47.2) і інш.

Фізіялагічныя адаптацыі звязаны з працэсамі жыццядзейнасці (розныя механізмы тэрмарэгуляцыі ў цеплакроўных жывёл, эхалакацыя ў дэльфінаў і кажаноў, восеньскі лістапад у многіх раслін і інш.), эталагічныя — з асаблівасцямі паводзін (будаўніцтва ўкрыццяў, напрыклад нор ці гнёзд, запасанне корму на неспрыяльны перыяд года, сезонныя міграцыі, шлюбныя рытуалы, наседжванне яек і г. д.).

Цікавай формай адаптацыі з’яўляецца мімікрыя — імітаванне арганізмамі аднаго віду прадстаўнікоў другога віду, больш абароненага. Мімікрыя звычайна праяўляецца ў падабенстве знешняй будовы, але часам і паводзін. Так, некаторыя віды неядавітых змей знешне вельмі падобныя да ядавітых. Адзін з відаў тараканаў памерамі, формай цела і афарбоўкай падобны да божай кароўкі, а некаторыя цыкады і цвыркуны па знешнім выглядзе нагадваюць мурашак. Вядомыя віды матылькоў і мух, якія імітуюць пчол, чмялёў, вос ці шэршняў. Параўнайце, напрыклад, бяскрыўднага матылька-шклянніцу (мал. 47.3) і ядавітага шэршня (гл. мал. 47.2) 

Дзякуючы наяўнасці разнастайных адаптацый жывыя арганізмы добра прыстасаваны да ўмоў асяроддзя пражывання. Аднак важна адзначыць, што любыя прыстасаванні, наколькі б дасканалымі яны ні здаваліся, з’яўляюцца адноснымі. Гэта азначае, што ўсе адаптацыі карысныя толькі ў пэўных умовах асяроддзя. Пры змяненні гэтых умоў любая адаптацыя можа аказацца бескарыснай і нават шкоднай.

Напрыклад, зімовая белая афарбоўка шэрсці зайца-беляка дапамагае яму стаць менш прыметным для драпежнікаў на фоне снегу, а ў бясснежную зіму, наадварот, робіць прыметным. Панцыр наземных чарапах служыць ім надзейнай аховай ад шматлікіх ворагаў. Аднак некаторыя віды драпежных птушак у працэсе эвалюцыі «навучыліся» паднімаць чарапах у паветра і кідаць на зямлю, каб раскалоць панцыр. Бесперапынны рост разцоў у грызуноў і зайцападобных карысны толькі пры ўжыванні цвёрдага корму. Калі ж карміць гэтых жывёл мяккімі кармамі, разцы перастаюць сточвацца і дасягаюць такіх памераў, што самастойнае кармленне становіцца немагчымым  (мал. 47.4).