§ 45. Асноўныя палажэнні сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі. Папуляцыя — элементарная адзінка эвалюцыі. Перадумовы эвалюцыі
Папуляцыя — элементарная адзінка эвалюцыі. З курсу біялогіі 10-га класа вы ведаеце, што асобіны любога віду па шэрагу прычын не размяркоўваюцца ў межах арэала раўнамерна, а ўтвараюць больш ці менш адасобленыя адна ад адной групы — папуляцыі. З пазіцый СТЭ менавіта папуляцыя ўяўляе сабою элементарную адзінку эвалюцыйнага працэсу. Эвалюцыйныя змены абумоўлены перадачай спадчынных прымет у шэрагу пакаленняў. Таму асобіна не можа разглядацца як адзінка эвалюцыі: яна смертная і яе генатып на працягу жыцця захоўваецца практычна нязменным. Роля асобнага арганізма ў эвалюцыйным працэсе заключаецца ў перадачы генаў свайму патомству, і калі гэтага не адбываецца, асобіна не мае значэння для эвалюцыі.
Эвалюцыйныя змены магчымыя толькі ў групах арганізмаў, якія існуюць працягла, і найменшай з такіх груп з’яўляецца папуляцыя. Кожная папуляцыя займае той ці іншы ўчастак арэала з пэўнымі ўмовамі асяроддзя і здольная да існавання працяглы час. Дзякуючы спадчыннай зменлівасці асобіны ў папуляцыі адрозніваюцца па генатыпах, г. зн. папуляцыя з’яўляецца генетычна разнастайнай структурай. Сукупнасць генатыпаў усіх асобін папуляцыі называецца яе генафондам. У папуляцыі ідзе барацьба за існаванне, дзейнічае натуральны адбор. У выніку гэтага ў кожным пакаленні выжываюць і пакідаюць патомства пераважна тыя асобіны, якія валодаюць спадчыннымі зменамі, карыснымі ў дадзеных умовах навакольнага асяроддзя. Гэтыя ўмовы няпастаянныя, з цягам часу яны змяняюцца. Услед за імі пад дзеяннем натуральнага адбору накіравана змяняецца генафонд папуляцыі. Накіраваная змена генафонду папуляцыі ў шэрагу пакаленняў называецца элементарнай эвалюцыйнай з’явай.
Розныя папуляцыі аднаго віду, нават тыя, што існуюць па суседстве, займаюць розныя ўчасткі арэала. Такім чынам, умовы асяроддзя не могуць быць для іх абсалютна аднолькавымі. Таму кожная папуляцыя валодае ўнікальным генафондам і эвалюцыяніруе ў асобым напрамку, незалежна ад другіх папуляцый таго ж віду. Іншымі словамі, любая папуляцыя мае свой уласны эвалюцыйны лёс. Від жа ўяўляе сабою сукупнасць папуляцый. Таму ён не эвалюцыяніруе як адзінае цэлае і не можа лічыцца элементарнай адзінкай эвалюцыі.