§ 45. Асноўныя палажэнні сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі. Папуляцыя — элементарная адзінка эвалюцыі. Перадумовы эвалюцыі
Асноўныя палажэнні сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі (СТЭ) можна сфармуляваць наступным чынам.
1. Від уяўляе сабой цэласную генетычна закрытую сістэму. Ён складаецца з папуляцый — генетычна адкрытых сістэм, паміж якімі ў выніку міграцыі асобін адбываецца абмен генамі.
2. Элементарнай адзінкай эвалюцыі з’яўляецца папуляцыя.
3. Элементарныя эвалюцыйныя фактары (мутацыйная і камбінатыўная зменлівасць, паток і дрэйф генаў, папуляцыйныя хвалі, ізаляцыя) — гэта перадумовы эвалюцыі.
4. Галоўная рухаючая сіла эвалюцыі — натуральны адбор, які працякае на аснове барацьбы за існаванне.
5. Пад дзеяннем натуральнага адбору адбываецца фарміраванне адаптацый і ўтварэнне відаў. Гэта асноўныя вынікі эвалюцыі.
6. Відаўтварэнне ажыццяўляецца працягла і паступова, праз шэраг прамежкавых форм — рас і падвідаў.