§ 44. Гісторыя развіцця эвалюцыйных поглядаў

Першую цэласную эвалюцыйную канцэпцыю прапанаваў Ж.-Б. Ламарк. Ён апісаў шляхі эвалюцыйнага працэсу (градацыю і адаптацыю), яго вынікі, паказаў сувязь арганізмаў з наваколь­ным асяроддзем, але не змог правільна растлумачыць прычыны і рухаючыя сілы эвалюцыі. Стваральнікам эвалюцыйнай тэорыі, якая стала падмуркам для развіцця сучаснай біялогіі, з’яўляецца Ч. Дарвін. Паводле яго вучэння перадумовай эвалюцыі з’яўляецца спадчынная зменлівасць, рухаючымі сіламі — барацьба за існаванне і натуральны адбор, вынікамі — прыстасаванасць арга­нізмаў да ўмоў асяроддзя і разнастайнасць відаў. Вынікам сінтэзу тэорыі Дарвіна з генетыкай, экалогіяй і іншымі навукамі стала стварэнне ў XX ст. сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі.