§ 44. Гісторыя развіцця эвалюцыйных поглядаў
Ідэі пра адзінства і гістарычнае развіццё жывой прыроды выказвалі яшчэ філосафы Старажытнага свету. Аднак да XIX ст. большасць натуралістаў прытрымлівалася ўяўленняў, заснаваных на пазіцыях сярэдневяковага крэацыянізму: усё жывое створана Творцам і застаецца нязменным. Тым не менш па меры развіцця прыродазнаўства даследчыкі працягвалі назапашваць звесткі, якія супярэчылі поглядам пра пастаянства і нязменнасць жывых арганізмаў.
Эвалюцыйная тэорыя Жана-Батыста Ламарка. На пачатку XIX ст. французскі вучоны Ж.-Б. Ламарк *(які ўвёў у навуковы ўжытак тэрмін «біялогія»)* упершыню прапанаваў цэласную эвалюцыйную канцэпцыю. Абапіраючыся на шматлікія факты, якія даказваюць зменлівасць жывёл і раслін, ён распрацаваў вучэнне пра гістарычнае развіццё арганічнага свету пад дзеяннем натуральных прычын. Жыццё паводле Ламарка ўзнікла шляхам самазараджэння прымітыўных арганізмаў з нежывой матэрыі і далей развівалася ад простых форм да больш складаных. *Ламарк лічыў, што змяненне жывых арганізмаў адбываецца паступова, у шэрагу мноства пакаленняў, а таму вельмі павольна і незаўважна для вачэй назіральніка.*
Ламарк вылучыў два асноўныя напрамкі эвалюцыі. Ступеньчатае павышэнне ўзроўню арганізацыі (прынцыповае ўскладненне) жывых арганізмаў ён назваў градацыяй. Так, напрыклад, шляхам градацыі паліпы пераўтвараюцца ў чарвей, тыя ў сваю чаргу ў насякомых і гэтак далей да вышэйшай ступені — птушак і млекакормячых. Акрамя таго, арганізмы, якія займаюць розныя ўзроўні, адчуваюць уздзеянне пэўных знешніх фактараў і прыстасоўваюцца да іх, г. зн. адбываецца адаптацыя жывых істот да ўмоў навакольнага асяроддзя. Дзякуючы гэтаму на кожнай ступені эвалюцыі ўзнікае разнастайнасць арганізмаў, прыстасаваных да ўмоў асяроддзя іх пражывання.
Такім чынам, Ламарк прапанаваў адзіную канцэпцыю развіцця жывой прыроды, апісаў магчымыя шляхі эвалюцыйнага працэсу і яго вынікі, паказаў цесную сувязь арганізмаў з навакольным асяроддзем. Аднак ён не здолеў правільна растлумачыць прычыны і рухаючыя сілы эвалюцыі. Так, вучоны лічыў, што галоўнай прычынай эвалюцыйных змяненняў з’яўляецца імкненне да ўдасканалення, нібыта ўласцівае ўсяму жывому. Акрамя таго, Ламарк меркаваў, што пад дзеяннем умоў асяроддзя арганізмы змяняюцца толькі ў карысны для сябе бок і пры гэтым абавязкова перадаюць па спадчыне ўсе карысныя прыметы, набытыя імі.
Напрыклад, узнікненне карысных змяненняў у большасці жывёл Ламарк тлумачыў дзеяннем «закону» практыкавання і непрактыкавання органаў. Так, птушкі, якія ходзяць уздоўж берагоў вадаёмаў у пошуках ежы, вымушаны ўвесь час даставаць ногі з глею, каб не ўгразнуць у ім. Дзякуючы такім практыкаванням даўжыня іх ног павялічваецца (рис. 44.1). Гэта карыснае змяненне наследуюць патомкі, якія таксама практыкуюць свае ногі. Такім чынам у шэрагу пакаленняў птушак адбываецца паступовае падаўжэнне ног. *Падобным чынам выцягваецца шыя ў жырафаў, паколькі ім даводзіцца даставаць лісты з дрэў, якімі гэтыя жывёлы кормяцца.* І наадварот, пры непрактыкаванні тыя ці іншыя органы падвяргаюцца рэдукцыі, г. зн. памяншэнню і спрашчэнню будовы, аж да поўнага знікнення. З пазіцый вучэння Ламарка так тлумачыцца, напрыклад, рэдукцыя вачэй у крата (гл. мал. 44.1), *адсутнасць задніх канечнасцей у кітападобных ці крылаў у некаторых насякомых — вошай, блох і інш.
Відавочна, што любыя змяненні органаў, якія ўзнікаюць пад дзеяннем іх практыкавання ці непрактыкавання, з’яўляюцца праяўленнем мадыфікацыйнай зменлівасці, а значыць, не могуць наследавацца. Нельга таксама сцвярджаць, што па спадчыне перадаюцца толькі карысныя прыметы. Такім чынам, уяўленні Ламарка пра механізмы эвалюцыйнага працэсу аказаліся памылковымі.