§ 44. Гісторыя развіцця эвалюцыйных поглядаў

Крызіс дарвінізму і стварэнне сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі. У другой палове XIX ст. эвалюцыйныя ідэі Ч. Дарвіна атрымалі шырокае распаўсюджанне і падтрымку сярод вучоных усяго свету. Тэорыя Дарвіна была значна пашырана і дапоўнена працамі многіх яго паслядоўнікаў — сфарміраваўся так званы класічны дарвінізм. Аднак бур­нае развіццё генетыкі ў пачатку XX ст. прывяло да таго, што шматлікія спецыялісты ў гэтай галіне пачалі крытыкаваць вучэнне Дарвіна. Не здолеўшы правільна ацаніць значэнне сваіх адкрыццяў для далейшага развіцця эвалюцыйнай тэорыі, яны супрацьпастаўлялі яе генетыцы, адмаўлялі творчую ролю натуральнага адбору ў відаўтварэнні. *Так, адны даследчыкі меркавалі, што ўтварэнне новых відаў з'яўляецца толькі вынікам праяўлення мутацый, другія тлумачылі відаўтварэнне ўзнікненнем «удалых» камбінацый ужо існуючых генаў і г. д.* Гэта паслужыла прычынай крызісу класічнага дарвінізму.

Узнікшую паміж дарвінізмам і генетыкай супярэчнасць пераадолела сінтэтычная тэорыя эвалюцыі (СТЭ). Назва «сінтэтычная» абумоўлена тым, што распрацоўка гэтай тэорыі стала вынікам сінтэзу дарвінізму і дасягненняў цэлага шэрага біялагічных навук — генетыкі, экалогіі, цы­талогіі, малекулярнай біялогіі і інш. Дзякуючы стварэнню сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі вучэнне Ч. Дарвіна набыло трывалы навуковы падмурак. СТЭ, асноўныя палажэнні якой былі сфармуляваны ў сярэдзіне XX ст., у цяперашні час працягвае развівацца і ўзбагачацца новымі навуковымі данымі.