§ 43. Асноўныя гіпотэзы паходжання жыцця

Гіпотэзы самаадвольнага зараджэння існавалі са старажытных часоў і мелі на ўвазе магчымасць самазараджэння жывых арганізмаў з розных аб’ектаў нежывой прыроды. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі многія філосафы меркавалі, што жывыя арганізмы здольныя ўзнікаць з глебы, глею, вады, гною, гнілога мяса і г. д. Напрыклад, Арыстоцель сцвярджаў, што жабы, насякомыя і расліны могуць развівацца з сырой глебы, а дажджавыя чэрві — з глею, які назапашваецца на дне сажалак. «Гэта факт — жывое можа ўзнікаць у выніку не толькі спарвання жывёл, але і раскладання глебы... Гэтак жа атрымліваецца і ў раслін: некаторыя развіваюцца з насення, а іншыя... самазараджаюцца пад дзеяннем сіл прыроды з зямлі, якая раскладаецца».

Уяўленні пра спантаннае зараджэнне арганізмаў з цел нежывой прыроды былі распаўсюджаны аж да XIХ ст. Бельгійскі даследчык Я. ван Гельмант (прозвішча прыведзена не для запамінання) у першай палове XVII ст. апісаў «эксперымент», у якім ён за тры тыдні быццам бы стварыў мышэй. Для гэтага ван Гельманту спатрэбіліся цёмная шафа, жменя зерня і брудная кашуля. Ён лічыў, што актыўным пачаткам, які стымулюе зараджэнне мышэй, служыць чалавечы пот. У той час падобныя «эксперыменты» праводзілі многія прыродазнаўцы і ідэя пра ўзнікненне жыцця з нежывой матэрыі знаходзіла шырокую падтрымку.

Аднак далёка не ўсе вучоныя падзялялі гэтыя погляды. Спрэчкі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі самаадвольнага зараджэння арганізмаў працягваліся доўгі час. Толькі ў сярэдзіне XIX ст. у выдатнага французскага мікрабіёлага Луі Пастэра атрымалася пераканаўча даказаць, што ў сучасных умовах жыццё можа ўзнікнуць толькі з папярэдняга жыцця. Такім чынам, канцэпцыя самазараджэння была канчаткова абвергнута.

*У канцы XVII ст. супраць ідэі самаадвольнага зараджэння выступіў італьянскі ўрач Ф. Рэдзі. У 1688 г. ён доследным шляхам вызначыў, што лічынкі мух не могуць самазараджацца ў гнілых мясе і рыбе. Даследчык змясціў мяса і рыбу ў пасудзіны, пры гэтым адны з іх пакінуў адкрытымі, рыльцы іншых зачыніў коркам, а трэціх — тканню (мал. 43.1). Ф. Рэдзі пісаў: «Хутка мяса і рыба ў адкрытых пасудзінах зачарвівелі (Ф. Рэдзі меў на ўвазе тое, што ў іх вывеліся лічынкі мух). Можна было бачыць, што мухі свабодна залятаюць у пасудзіны і вылятаюць з іх. Але ў зачыненых пасудзінах я не ўбачыў ніводнага чарвяка, хоць прайшло шмат дзён пасля таго, як у іх былі пакладзены рыба і мяса».

У 1765 г. італьянскі натураліст Л. Спаланцані вырашыў эксперыментальна даказаць, што мікраарганізмы, якія часта выяўляюцца ў булёнах з мяса і агародніны, самаадвольна ў іх не зараджаюцца. Вучоны  пракіпяціў адвары мяса і агародніны, пасля чаго запячатаў пасудзіны і зняў іх з агню. Праз некалькі дзён, даследаваўшы булёны, Л. Спаланцані не выявіў у іх прымет наяўнасці якіх-небудзь жывых арганізмаў. З гэтага была зроблена выснова пра тое, што пасля знішчэння мікраарганізмаў дзеяннем высокай тэмпературы нішто жывое ў герметычна зачыненых пасудзінах ужо не магло з'явіцца. Аднак прыхільнікі канцэпцыі самазараджэння заявілі, што ў пасудзінах шляхам кіпячэння было «сапсавана» паветра, а іх запячатванне прывяло да немагчымасці пранікнення туды «жыццёвай сілы», якая і ператварае нежывое ў жывое.*

У 1860 г. Л. Пастэр нанёс знішчальны ўдар па канцэпцыі самаадвольнага зараджэння жыцця. Шляхам кіпячэння ён стэрылізаваў у колбе пажыўнае асяроддзе, у якім маглі развівацца бактэрыі, і надаваў рыльцу колбы S-падобную форму (мал. 43.2). Пры гэтым паветра, *а разам з ім і міфічная «жыццёвая сіла»,* магло свабодна паступаць у колбу, але для бактэрый і іх спор выгіны рыльца служылі пасткай. Пажыўнае асяроддзе ў такіх пасудзінах доўгі час заставалася стэрыльным і празрыстым, у ім не назіралася самазараджэння мікраарганізмаў. Але  варта было выдаліць S-падобнае рыльца — і вадкасць хутка мутнела з прычыны размнажэння бактэрый,  якія трапілі ў яе. Тое ж самае адбывалася і ў выпадку, калі колбу нахілялі так, каб вадкасць, што змяшчалася ў ёй, трапіла ў выгін рыльца, змыла змешчаных у ім бактэрый, а затым вярнулася назад у колбу.