§ 43. Асноўныя гіпотэзы паходжання жыцця
Праблема паходжання жыцця хвалюе чалавецтва са старажытных часоў. У спробах растлумачыць, якім чынам на нашай планеце маглі ўзнікнуць жывыя арганізмы, выказвалася мноства меркаванняў. На карысць некаторых з іх сведчаць пэўныя навуковыя факты і вынікі эксперыментаў. Іншыя гіпотэзы, наадварот, былі абвергнуты. Аднак і на сённяшні дзень пытанне пра ўзнікненне жыцця на Зямлі нельга лічыць цалкам вырашаным.
Крэацыянізм. У адпаведнасці з гэтай рэлігійнай і філасофскай канцэпцыяй прырода была створана Богам (Творцам), у тым ліку і ўсе жывыя арганізмы. Таму гіпотэзы крэацыянізму (ад лац. creatio — ствараць) яшчэ называюць гіпотэзамі Боскага стварэння свету. Пазіцый крэацыянізму прытрымліваюцца прыхільнікі практычна ўсіх распаўсюджаных рэлігійных вучэнняў. Большасць рэлігій апісвае стварэнне свету і жывых арганізмаў у той форме, якая даступная для разумення шырокім слаям насельніцтва. Аднак у крэацыяністаў няма адзінага пункту гледжання на працэс стварэння свету: у розных рэлігійных вучэннях існуюць розныя яго трактоўкі і нярэдка яны супярэчаць адна адной. Пры гэтым акт Боскага стварэння разглядаецца як падзея, што адбылася толькі аднойчы ў мінулым. Такім чынам, ён недаступны для даследавання. У сувязі з гэтым гіпотэзы крэацыянізму немагчыма ні даказаць, ні абвергнуць з навуковага пункту гледжання. Напэўна, яны будуць існаваць, пакуль існуе само чалавецтва.